Ці гучыць песня народа сярод моладзі?

Ці гучыць песня народа сярод моладзі?

Свет цікавасцей нашых студэнтаў дастаткова разнастайны. Акрамя камп’ютарных гульняў, фільмаў, сучасных песень і танцаў моладзь абірае зусім нечаканыя для нашага часу хобі, звязаныя з паглыбленнем у архаічную культуру нашай краіны. Сёння юнакі і дзяўчаты цікавяцца гісторыяй, міфалогіяй, фальклорам.

Фальклор – гэта мудрасць народа, выражаная ў разнастайных мастацкіх формах: прыказкі і прымаўкі, прыпеўкі і песні, легенды і паданні, загадкі і казкі. Вусная народная творчасць захапляе моладзь разнастайнасцю форм і жанраў. Усе могуць адшукаць у фальклоры нешта цікавае для сябе. Сярод студэнтаў ВДУ я абрала аматараў вуснай народнай творчасці, якія ахвотна распавялі, калі пачалі цікавіцца фальклорам і што займальнага адшукалі ў ім.

Анастасія Шчаглова, студэнтка 3 курса факультэта гуманітарыстыкі і моўных камунікацый:

Я лічу, што і ў наш час моладзь цікавіцца фальклорам. Існуе шмат музычных гуртоў, якія за аснову сваёй творчасці ўзялі народныя тэксты і матывы. Акрамя гэтага, сёння часта ладзяцца мерапрыемствы, звязаныя з фальклорам. Моладзь з ахвотай наведвае такія імпрэзы. Асабіста мяне заўсёды вабіла народнае мастацтва, але грунтоўна спасцігаць гэты незвычайны свет я пачала ў 17 гадоў. На што паўплывала інтэрнэт-асяроддзе, у якім часта траплялася інфармацыя пра беларускую спадчыну. Найбольшую асалоду я атрымліваю ад праслухоўвання народных песень, таму і бачу папулярызацыю і першае знаёмства з фальклорам праз спевы. Фолк-метал, поп-фолк, фолк-рок – безліч цікавых варыянтаў на любы густ! Лічу, што трэба прасоўваць фальклор у сацыяльныя сеткі, наладжваць імпрэзы і нават навучальныя праграмы для школ і садкоў.

Максім Чавянкоў, студэнт 2 курса факультэта гуманітарыстыкі і моўных камунікацый:

Фальклор – гэта неад’емная частка культуры, якая адлюстроўвае духоўную сілу народа. Яшчэ з дзяцінства я далучаўся да фальклору, дзякуючы сваёй старэнькай бабулі, якая клапатліва захоўвае перададзеныя ёй маці замовы, казкі і спевы. Мяркую, што далучыць сучасную моладзь да фальклору можна толькі шляхам яго мадэрнізацыі – апрацоўкі народнай творчасці ў сучасныя жанры і формы. Знаёміць новае пакаленне з фальклорам трэба яшчэ ў дзяцінстве праз казкі і паданні. Падлеткаў могуць зацікавіць песні з народнымі матывамі і ўдзел у рэканструкцыі народных абрадаў.

Дана Карповіч, студэнтка 2 курса факультэта гуманітарыстыкі і моўных камунікацый:

Сёння я вельмі цікаўлюся фальклорам. Маё першае знаёмства з ім адбылося яшчэ ў дзяцінстве – праз казкі. Пасля на ўроках беларускай літаратуры я адкрыла для сябе свет народных песень. Аднак захапляцца фальклорам я пачала значна пазней, на што паўплывала таленавітая выкладчыца Вольга Іванаўна Русілка. Яна не толькі знаёміла з тэорыяй па фалькларыстыцы, але і прыводзіла шмат разнастайных прыкладаў. Найбольш займальным мне падаўся свет беларускіх абрадаў і народных гульняў (жаніцьба Цярэшкі, Яшчар). Не менш цікавяць мяне народныя песні, у гэтым я пераканалася падчас фальклорнай практыкі. Мяркую, што папулярызаваць фальклор можна праз мадэрнізацыю абрадаў, а таксама трэба выкарыстоўваць фальклорныя сюжэты ў мастацкай літаратуры.

Вераніка Клімава, студэнтка 2 курса педагагічнага факультэта:

Сярод маладых людзей ёсць тыя, каму падабаецца фальклор. Юнакоў і дзяўчат, якія цікавяцца народнай творчасцю, можна сустрэць у культурна-гістарычным комплексе «Залатое кальцо горада Віцебска «Дзвіна». Тут моладзь асабліва адчувае любоў да роднага краю, роднай мовы, роднай творчасці (музычнай, танцавальнай, мастацкай). Фальклор – гэта творчасць нашых продкаў, якую неабходна падтрымліваць і прасоўваць у свет. Асабіста мяне цікавяць народныя песні і гранне на музычных інструментах. Таму невыпадкова я граю і спяваю ў фальклорным аркестры «Жалейка» педагагічнага факультэта. Падчас выступленняў я запаўняю ў сабе тую нішу, якая адказвае за любоў да Радзімы і гонар сваёй спадчынай.

Падчас апытання я пераканалася, што фальклор жыве і ў сэрцах сучаснай моладзі. Са слоў рэспандэнтаў, фальклор сёння не толькі мадэрнізуецца, але і ствараецца, проста не ў тым выглядзе, як мы звыкліся бачыць. Я таксама вельмі цікаўлюся народнай творчасцю, з захапленнем слухаю песні з фальклорнымі матывамі, чытаю казкі, легенды і паданні. На маёй малой радзіме, у вёсцы Гута Пастаўскага раёна, была адноўленая, а потым занесеная ў спіс ЮНЭСКА беларуская народная гульня «Яшчар», чым я ніколі не перастану ганарыцца. Гульня «Яшчар» двойчы была пастаўленая студэнтамі нашага факультэта. Удзельнікі змаглі адчуць сябе часткай беларускай культуры, а гледачы атрымалі асалоду і шмат яскравых эмоцый. Сёння на нас ляжыць вялікая адказнасць захаваць культурныя традыцыі і перадаваць іх наступнаму пакаленню.

Хочацца верыць, што народная песня заўсёды будзе гучаць у асяродку моладзі!

Аўтар Караліна Вялічка, студэнтка 2 курса
факультэта гуманітарыстыкі і моўных камунікацый

Фотаздымкі з архіва рэспандэнтаў і архіва «Медыяцэнтра ВДУ»

+1
8
+1
0
+1
1
+1
0
+1
0