Правілы жыцця. Генадзь Арцямёнак

Правілы жыцця. Генадзь Арцямёнак

За гады навучання ва ўніверсітэце на нашым шляху сустрэлася шмат выкладчыкаў. Кожны з іх валодае індывідуальным падыходам да навучання, умее наладжваць кантакт з аўдыторыяй, карыстаецца асабістымі прыёмамі пры тлумачэнні матэрыялу. Аднак, напэўна, больш за ўсё сваімі прафесійнымі якасцямі, методыкай выкладання дысцыплін нам запомніўся загадчык кафедры беларускага мовазнаўства ВДУ імя П.М. Машэрава, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Генадзь Антонавіч Арцямёнак.

З ім мы і вырашылі пагутарыць.

— Генадзь Антонавіч, што вас натхняе ў педагагічнай дзейнасці?

— Камунікацыя з людзьмі, магчымасць самому развівацца і ўдасканальвацца, дзяліцца ведамі і вопытам, вучыцца ў іншых, бачыць, як матэрыялізуюцца вынікі тваёй працы, як іх становіцца ўсё больш і больш.

Галоўнай і невычэрпнай крыніцай натхнення для мяне заўсёды былі і застаюцца мае студэнты — маладыя людзі з новым поглядам на свет, своеасаблівай псіхалогіяй, прагай да пазнання нязведанага. Безумоўна, не ўсе такія, але сапраўдных, дзеля якіх хочацца працаваць, пераважная большасць. Падчас працы з імі адчуваеш, што і сам нібы маладзееш, трымаеш сябе ў форме, напаўняешся новай энергіяй. Я люблю справу, якой займаюся, а таксама навуку — лінгвістыку.

— Што вы адчувалі ў пачатку сваёй кар’еры?

— Калі пачынаў працоўны шлях, то адчуваў, як мала я яшчэ ведаю і як недасканала валодаю методыкай данясення гэтых ведаў да студэнтаў. Таму далей усё жыццё імкнуўся самаўдасканальвацца ў гэтых адносінах. Але амаль адразу адчуў задавальненне ад працы з моладдзю, ад цесных духоўна-інтэлектуальных кантактаў са сваімі тады яшчэ амаль аднагодкамі, ад мноства прыгожых дзяўчат у аўдыторыі (смяецца).

— Якія методыкі вы прымяняеце падчас працы са студэнтамі?

— Розныя, у тым ліку і сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі, элементы дыстанцыйнага навучання, праектныя заданні і іншыя.

Думаю, яшчэ доўга не страціць свайго значэння ва ўніверсітэце традыцыйная лекцыя з элементамі жывога абмеркавання, дыспуту. Што да практычных, семінарскіх, лабараторных заняткаў, то тут імкнуся да максімальнай актывізацыі саміх студэнтаў, абуджэння іх ініцыятывы, творчасці, крэатыўнасці. Часта яны самі задаюць тон, напрамак абмеркавання праблем, што і прадвызначае канкрэтную методыку на тым ці іншым этапе заняткаў. Магчымасць звароту да інтэрнэт-рэсурсаў таксама прыкметна ўплывае на сённяшняе навучанне: выкладчыку часта даводзіцца быць правадніком у бяздонным моры інфармацыі ці дарадцам для студэнтаў, якія нярэдка ўсё роўна выбіраюць свой шлях навігацыі.

Што да навуковай дзейнасці, то мы пастаянна праводзім са студэнтамі сустрэчы, канферэнцыі, семінары, каб паступова ўключыць іх у гэты працэс. У пачатку галоўнае – выбраць цікавую для студэнта тэму. А выкладчык заўсёды дапаможа ацаніць мэтазгоднасць і перспектыўнасць яе распрацоўкі, падкажа магчымыя шляхі даследчага пошуку і сфармулюе тэму ў адпаведнасці з сучаснымі патрабаваннямі і трэндамі. І ўсё ж я перакананы: напачатку павінен быць інсайт, “самаштуршок” студэнта. А потым — няпростая праца, якая дасць жаданы вынік. Як даўно сказана, “царскіх” шляхоў у навуцы не існуе.

— Ці былі ў вас расчараванні, звязаныя з педагагічнай дзейнасцю?

— Былі, але, як правіла, кароткачасовыя. У першую чаргу, калі нешта не атрымлівалася, я вінаваціў самога сябе, што лянівы, непаваротлівы, не мог цікава данесці матэрыял. Напэўна, так псіхалагічна лягчэй, і таму гэта хутка праходзіць. Што не падабалася і не падабаецца аб’ектыўна — элементы фармалізму, заарганізаванасці, бясконцай справаздачнасці ў вучэбным працэсе, якія не змяншаюцца, а, здаецца, толькі нарастаюць. Даводзіцца, на жаль, траціць на гэта вельмі шмат часу.

— Як вам удаецца заўсёды быць у добрым настроі?

— Гэта бывае далёка не заўсёды, але, калі заходзіш у аўдыторыю, усе асабістыя праблемы пакідаеш за парогам, на пэўны час забываеш пра іх. Мне здаецца, я проста абавязаны прыходзіць да студэнтаў у добрым працоўным настроі, каб пастарацца настроіць іх на работу, пошук, адкрыццё новага.

— Якой мовай вы карыстаецеся дома і ў паўсядзённым жыцці?

— Пераважна беларускай мовай. А калі прыяджаю ў родную вёску, то размаўляю на той мясцовай гаворцы паўночна-ўсходняга дыялекту, што і ўсе яе жыхары. Рускай мовай карыстаюся звычайна тады, калі суразмоўца не валодае беларускай, а камунікатыўная сітуацыя вымагае дакладнага разумення і адэкватнай падачы ўсіх сэнсаў і эмацыйных адценняў гутаркі. Часам у размовах з калегамі актуалізуецца своеасаблівая “трасянка для адукаваных”, калі ў звычайнае маўленне па-беларуску ўплятаюцца цытаты, выслоўі, афарызмы, як філолагі кажуць, прэцэдэнтныя тэксты на рускай, польскай, англійскай, лацінскай і іншых мовах нашага полілінгвальнага свету.

— Што вы можаце параіць сучасным студэнтам?

— Заставацца самімі сабой, але і вучыцца ў другіх; настойліва ісці да мэты, але не па галовах; любіць жыццё і сябе, паважаць іншых.

А так адзываюцца пра Генаддзя Антонавіча выкладчыкі і студэнты, з якімі ён кожны дзень сустракаецца ва ўніверсітэце:

Галіна Канстанцінаўна Семянькова, дацэнт кафедры беларускага мовазнаўства, кандыдат філалагічных навук, дацэнт:

— Генадзь Антонавіч – надзвычай інтэлігентны, выхаваны, дасведчаны чалавек. Яго шырокі кругагляд, акадэмічны склад розуму заслугоўваюць самай высокай ацэнкі з боку не толькі студэнтаў, але і калег-выкладчыкаў. З Генадзем Антонавічам можна пракансультавацца абсалютна па любым пытанні. Усе прынятыя ім рашэнні з’яўляюцца прадуманымі, лагічнымі, што робіць працу з ім у адной камандзе, на адной кафедры прыемнай і камфортнай.

Анастасія Марозава, студэнтка 4 курса факультэта гуманітарыстыкі і міжмоўных камунікацый:

— Такія людзі, як Генадзь Антонавіч, вельмі рэдка сустракаюцца ў нашым жыцці. Ён шчыры і адданы сваёй працы чалавек, выдатны выкладчык і добры навукоўца. На яго парах ніколі не бывае сумна: ён расказвае мноства цікавых фактаў, стараецца растлумачыць цяжкі матэрыял вельмі проста і зразумела.

 

Анастасія Касцюкевіч, студэнтка 1 курса факультэта гуманітарыстыкі і міжмоўных камунікацый:

— Генадзь Антонавіч – выкладчык, на парах якога ніколі не хочацца спаць, бо ён даносіць да нас інфармацыю ў цікавым і зразумелым фармаце. На мой погляд, гэты чалавек вельмі эрудыраваны і дасведчаны ў сваёй справе. Заняткі з ім заўсёды хочацца бачыць у раскладзе.

 

Юрый Міхайлавіч Бабіч, дацэнт кафедры беларускага мовазнаўства, кандыдат філалагічных навук, дацэнт:

— Кожны, хто ведае Генадзя Арцямёнка 30 гадоў (а я акурат столькі часу яго ведаю), думаю, што можа яго ахарактарызаваць як цудоўнага спецыяліста, сапраўднага адмыслоўца, чалавека з энцыклапедычнымі ведамі, вельмі добрага і надзейнага сябра. Безумоўна, мы з ім былі ў самых розных сітуацыях, звычайна ў прыемных. Генадзь Антонавіч – чалавек слова, калі нешта абяцае, то, як правіла, гэта робіць. Можна працягваць ужываць гэтыя эпітэты яшчэ доўга, але з ім, сапраўды, заўсёды прыемна сустракацца.

 

За гады навучання ва ўніверсітэце намі, студэнтамі, было засвоена шмат цікавага і карыснага матэрыялу, навукова-практычных уменняў, прыёмаў выкладання дысцыплін. Думаем, што той вопыт, які мы перанялі ад Генадзя Антонавіча Арцямёнка, абавязкова спатрэбіцца на шляху нашага прафесійнага ўдасканалення.

 

Аўтары Анастасія Альхімовіч, Ксенія Зуй

+1
0
+1
0
+1
0
+1
0
+1
0