Творцы віцебскай зямлі

Творцы віцебскай зямлі

Віцебская зямля дала Беларусі шмат знакамітых імёнаў, якімі мы па праву можам ганарыцца. Сярод іх ёсць пісьменнікі і паэты, чые творы вядомыя ў тым ліку і за межамі нашай краіны. З цягам часу творчасць майстраў не страціла сваёй актуальнасці, і можна быць упэўненым, што так будзе і надалей.

Цікава, а якія творы ўраджэнцаў Віцебшчыны выбіраюць для чытання машэраўцы? У студэнтаў і выкладчыкаў нашага ўніверсітэта я запыталася:

1. Які ваш любімы аўтар, ураджэнец Віцебскай вобласці?
2. Які твор гэтага аўтара падабаецца найбольш?

Расціслаў Шадзько, студэнт факультэта матэматыкі і інфармацыйных тэхналогій:

1. Мне падабаецца Міхась Зарэцкі (сапраўднае імя – Міхаіл Яфімавіч Касянкоў). Люблю гэтага аўтара за яго творы, якія і сёння не страцілі сваёй мастацкай каштоўнасці, бо праблемы, узнятыя ў іх, меркаванні і лёсы герояў сугучныя сённяшняму дню.
2. Самы запамінальны твор Міхаіла Яфімавіча – «Голы звер». Мне ён спадабаўся найперш тым, што пісьменнік нестандартна падышоў да яго напісання. Галоўны герой, адмоўныя персанажы, заганы і прагнасць – усё, што апісвае пісьменнік, ён робіць выразна і дакладна. Міхась Зарэцкі паказвае, што некаторыя людзі, калі ім гэта патрэбна, могуць пайсці па галовах, ігнаруючы не толькі нормы чалавечай маралі, але і законы дзяржавы.

Яна Малашэнка, магiстрант педагагічнага факультэта:

1. Вядома, Пятрусь Усцінавіч Броўка. Я жыву на вуліцы, якая названа ў яго гонар, таму невыпадкова яшчэ ў дзяцінстве зацікавілася творчасцю гэтага паэта, перакладчыка, драматурга. Яго вершы мы праходзілі ў школе, і гэтыя ўрокі мне надзвычай падабаліся. Яшчэ не магу не адзначыць такого віцебскага пісьменніка, як Рыгор Логвінавіч Шакулаў, аўтар казак для дзяцей.
2. Уся творчасць Пятруся Броўкі заслугоўвае ўвагі. Упэўнена, кожны знойдзе ў яго спадчыне той, скажам, верш, які найбольш западзе ў душу.

Анастасія Сіманковіч, студэнтка факультэта гуманітарыстыкі і моўных камунікацый:

1. Я лічу, што ў нас, на Віцебшчыне, шмат таленавітых пісьменнікаў і паэтаў, сярод іх цяжка вызначыць аднаго. Хацелася б узгадаць і Уладзіміра Караткевіча, і Васіля Быкава, і Яна Баршчэўскага, і Петруся Броўку. Усіх гэтых творцаў я ведаю пераважна са школьных часоў, а глыбей іх літаратурную спадчыну вывучаю на занятках ва ўніверсітэце. Адзначу асобна паэта, радкі якога вядомыя кожнаму беларусу з дзяцінства. Гэта, безумоўна, Генадзь Бураўкін, аўтар знакамітай «Калыханкі».
2. Безумоўна, гэта «Калыханка», на якой вырасла не адно пакаленне беларусаў. Так, ні дня не магло прайсці ў маім дзяцінстве без прагляду гэтай дзіцячай тэлепраграмы, дзе можна было пачуць тыя самыя радкі:

Доўгі дзень, цёплы дзень
Адплывае за аблокі…
Баю-бай, баю-бай,
Вачаняты закрывай.

І зараз я з цеплынёй, пяшчотай і любоўю ўспамінаю гэтыя словы, бо яны не проста пакінулі незабыўны след у маім сэрцы, з дапамогай іх я магу хоць на некалькі хвілін вярнуцца ў бесклапотнае дзяцінства.

Паліна Бадрова, студэнтка факультэта сацыяльнай педагогікі і псіхалогіі:

1. Маім любімым беларускім пісьменнікам з’яўляецца Васіль Быкаў. Знаёмства з яго творчасцю, як і са спадчынай другіх аўтараў, адбылося ў мяне на ўроках беларускай літаратуры ў школе, але менавіта творы Васіля Уладзіміравіча выразна адклаліся ў памяці. Васіль Быкаў паказаў нам другі бок вайны, не подзвігі, не кровапралітныя бітвы, а лёсы простых людзей.
2. Самы мой любімы твор Быкава – «Сотнікаў». Мяне да глыбіні душы ўразілі персанажы і тое, як склаліся іх лёсы. З філіграннай дакладнасцю Васіль Быкаў паказвае, як тыя ці іншыя абставіны могуць уплываць на людзей, як губіць страх і як бывае складана ў некаторых сітуацыях заставацца чалавекам. Тут кожны персанаж мае свае моцныя бакі і слабасці, кожнага можна хоць у нейкай ступені зразумець, нават калі іх учынкі супярэчаць маралі. Гэтым твор і чапляе – тым, што жыццё людзей бачна як на далоні.

Віталь Падстаўленка, дацэнт кафедры беларускай i рускай фiлалогii:

1. Усе студэнты, з якімі я сумесна вывучаю гісторыю беларускай літаратуры, ведаюць маю надзвычайную чытацкую прыхільнасць да мастацкага свету Уладзіміра Караткевіча. І дзіўнага тут няма нічога, бо калі жадаеш зразумець беларускую душу – чытай Караткевіча, жадаеш палюбіць жыццё – чытай Караткевіча, жадаеш адкрыць у сабе Чалавека – чытай Караткевіча!
2. Без перабольшання я захапляюся любым варыянтам мастацкага слова гэтага Вялікага Майстра, таму з асалодай чытаю яго паэзію, малыя і вялікія празаічныя прыклады, п’есы і публіцыстыку, адкрываючы штораз новыя, невядомыя мацерыкі караткевічаўскай Беларусі!

Яўгенія Далімаева, старшы выкладчык кафедры філасофіі і сацыяльных навук:

1. Я вельмі люблю творчасць двух Уладзіміраў Сямёнавічаў – Высоцкага і Караткевіча. І мне здаецца, што яны нечым падобныя: цікавасць да гісторыі, рамантызацыя герояў, якія прайшлі праз выпрабаванні, але не страцілі сябе, чаканыя рыфмы… Высоцкі гучаў дома з дзяцінства, а вось з творчасцю Караткевіча я пазнаёмілася ў больш «сталым» узросце, убачыўшы ў бібліятэцы кнігу з нечаканай назвай «Хрыстос прызямліўся ў Гародні». Я пачытала і зацікавілася. Але давялося вытрымаць не абыякі «бой» з бібліятэкарам, якая лічыла, што мне ў пятым класе яшчэ рана чытаць такія «дарослыя» творы. Філасофскі складнік кнігі я ацаніла, вядома, нашмат пазней, але эмацыйнае ўзрушэнне памятаю да гэтага часу. Менавіта гэты раман, а потым «Каласы пад сярпом тваім» адказныя за тое, што я зацікавілася гісторыяй роднага краю і вырашыла паступаць на гістарычную спецыяльнасць. А ў старэйшых класах я прачытала аповесці Васіля Быкава, той экзістэнцыяльны выбар, перад якім аўтар ставіць сваіх герояў, прымушаў мяне і тады, і цяпер разважаць, як бы ў такой сітуацыі паступіла я? Як бы я жыла потым, як бы ў люстэрка на сябе глядзела, выбраўшы той ці іншы варыянт?
2. У Караткевіча я нават не магу выбраць любімы твор. Я люблю ўсе яго кнігі і рэгулярна, раз на тры-пяць гадоў, нешта перачытваю. І «Ладдзю роспачы», і «Нельга забыць», і п’есы. Пастаянна, колькі б не перачытвала, выціраю слёзы ад смеху ад апавядання «Былі ў мяне мядзведзі», асабліва з моманту, як хлопчык вырашыў мядзведзю падсунуць дзённік з двойкай, каб мядзведзь яго парваў, і не прыйшлося бацькам прызнавацца, а мядзведзь падраў ўвесь дзённік, акрамя патрэбнай старонкі… А вось ў Быкава мой твор – «Альпійская балада», гімн любові і чалавечнасці.

Святлана Тубалец, дацэнт кафедры дашкольнай і пачатковай адукацыі:

1. З дзіцячых пісьменнікаў я б вылучыла Лазара Лагіна, а з дарослых – Уладзіміра Караткевіча. У іх у абодвух – бліскучая проза, якая цікавіць і здзіўляе мяне і зараз. Прызнаюся, што з прозай Караткевіча я пазнаёмілася ўжо ў больш дарослым узросце, але ён адразу запаў у душу. І ўвогуле, як прыгожа і прыемна чытаць на беларускай мове.
2. З твораў Лазара Лагіна хацелася б адзначыць адну з любімых дзіцячых кніг – «Стары Хатабыч». Яна фантастычная і вясёлая. Са спадчыны Уладзіміра Караткевіча магу назваць «Дзікае паляванне караля Стаха» і «Чорны замак Альшанскі».

Алена Дзядова, дацэнт кафедры беларускай i рускай фiлалогii:

1. Мой любімы аўтар – Рыгор Барадулін, пісьменнік-патрыёт. Тэматыка яго вершаў звязана з мовай, маці. Бадай не знойдзеш у беларускай літаратуры прыклада, каб столькі твораў было прысвечана маці. Не перастаю здзіўляцца мове Рыгора Іванавіча. Гэта віртуоз слова. Я цяпер яго чытаю не толькі з мэтай узбагаціцца духоўна, але і каб узбагаціцца ў плане мовы. Таму што ў Рыгора Барадуліна быў метафарычны склад мыслення, ён бачыў свет вобразна і гэта адлюстроўваў ў творах. У яго вельмі багата неалагізмаў, слоў з нацыянальна-культурным значэннем. Ні ў аднаго паэта няма такога нацыянальна-культурнага, адметна спецыфічнага пласта. Мне, як выкладчыку, які распрацоўвае пытанні этналінгівістыкі, гэта цікава. Праз яго творчасць мы можам пазнаёміцца з дыялектнай мовай, нацыянальнай культурай, звычаямі, традыцыямі і мясцовым побытам народа. Усё, чым жылі беларусы, усё, чым мы адметныя, можна знайсці ў Рыгора Барадуліна, таму я чытаю яго кнігі.
2. У Рыгора Барадуліна неперазыйдзены талент мовы, літаратуры. І нават нельга вызделіць нейкі асобны твор. У яго што не зборнік, то жамчужына. Напрыклад, зборнік духоўнай паэзіі «Ксты», які быў намінаваны на Нобелеўскую прэмію. Хацелася б адзначыць яшчэ кнігу «Пехатой у неба», якая была надрукавана ўжо пасля смерці паэта. Як чытальніку, які спасцігае Рыгора Барадуліна, мне цікава чытаць зборнік «Ксты». Як моваведу – «Вушацкі словазбор». Гэта ўнікальная кніга. Яе можна назваць і слоўнікам, і лінгвакраязнаўчым даведнікам, і спецыфічна мастацкім творам. Калі хтосьці цікавіцца творчасцю Барадуліна, можна яшчэ параіць зборнік песен «Сама пайду дарогаю, голас пашлю дуброваю…». Ён неардынарны і вельмі цікавы.

 

Аўтар Дар’я Коцiкава, студэнтка 4 курса
факультэта гуманітарыстыкі і моўных камунікацый

+1
5
+1
0
+1
1
+1
1
+1
0