Размаўляйце па-беларуску

Размаўляйце па-беларуску

Мова – гэта душа народа, наш галоўны нацыянальны скарб, памяць продкаў. Жыве мова – жыве народ. І наш абавязак сёння шанаваць родную мову, абараняць яе і захапляцца ёй, як, напрыклад, гэта робяць студэнты і выкладчыкі нашай альма-матэр.

Сярод іх – Анастасія Шчаглова, студэнтка 4 курса факультэта гуманітарыстыкі і моўных камунікацый. Насця пачала размаўляць па-беларуску яшчэ ў 7 класе школы. Вось што яна расказала:

Я грунтоўна рыхтавалася да ўрокаў, рабіла дамашнія заданні і абавязкова гартала слоўнікі. Цікавілася беларускай культурай, мастацтвам, гісторыяй, многа гаварыла па-беларуску. Так пачынаўся мой шлях да мовы. А ў адзін момант я зразумела, што беларусам ведаць родную мову неабходна. Прымусіць чалавека да гэтага нельга. Кожны сам павінен зразумець, што родная мова займае значнае месца ў станаўленні чалавека як грамадзяніна, як асобы і часткі грамадства.

Тым, хто толькі пачынае ці хоча пачаць размаўляць на беларускай мове, дацэнт кафедры беларускай і рускай фiлалогii Галіна Канстанцінаўна Семянькова дае наступныя парады:

Пачынайце гаварыць! Пачніце з аднаго-двух выразаў. Потым скажыце адзін-два сказы. Далей – болей. Не бойцеся сказаць няправільна. Не саромейцеся. І ў вас усё атрымаецца. Валодаць абедзвюма дзяржаўнымі мовамі – гэта крута. Гаварыць па-беларуску – гэта модна. Беларуская мова – мова інтэлегенцыі, мова тых, хто неабыякавы да лёсу краіны. Мая малодшая дачка аднойчы сказала: «Я хацела б, каб менавіта ад цябе наша дзіця чула беларускую мову».  І гэта не можа не грэць душу.

Я таксама з’яўляюся носьбітам беларускай мовы і не саромлюся гэтага. У будучым планую выкладаць беларускую мову і літаратуру ў школе. Лічу, што павінна дапамагчы вучням зразумець значнасць беларускай мовы, прывіць ім любоў і павагу да яе. На маю думку, кожны паважаючы сябе чалавек павінен ганарыцца мовай сваёй Радзімы і берагчы яе!

Аўтар Ангеліна Вараб’ёва, студэнтка 3 курса
факультэта гуманітарыстыкі і моўных камунікацый

+1
6
+1
0
+1
1
+1
3
+1
2