Самы якасны наш брэнд – гэта родная мова

Самы якасны наш брэнд – гэта родная мова

Кожны год 21 лютага ў свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы, калі мы аддаём даніну павагі разнастайнасці лінгвістычнай спадчыны чалавецтва. Мова – гэта не проста сродак зносін, гэта інструмент захавання культурнага і гістарычнага вопыту кожнай нацыі, кожнага асобнага індывіда. У Міжнародны дзень роднай мовы мы падкрэсліваем значнасць усіх моў свету, якія з’яўляюцца неад’емнай часткай нашай агульнай культурнай спадчыны.

Родная мова – гэта мова, на якой чалавек гаворыць з дзяцінства і якая з’яўляецца для яго найбольш блізкай і зразумелай. Для мяне і маіх землякоў родная мова – беларуская.

Я пацікавілася ў прадстаўнікоў нашага ўніверсітэта, што ў іх разуменні значыць родная мова, якое месца яна займае ў жыцці кожнага чалавека, як часта яны размаўляюць па-беларуску, якое месца займае мова ў культуры народа?

Алена Сяргееўна Дзядова, кандыдат філалагічных навук, дацэнт, дацэнт кафедры беларускай і рускай філалогіі:

Для мяне родная мова – гэта маё жыццё, натуральны сродак штодзённых зносін, мой прафесійны лёс, маё хобі. Пра ролю роднай беларускай мовы ў сваім жыцці скажу словамі любімага паэта-земляка з Ушаччыны Рыгора Барадуліна: «Каля цябе не чую – у свеце глуха».
Безумоўна, пра беларускую мову я ўспамінаю не толькі напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы. З ёй я звязана кожны дзень. Штодзень стараюся падтрымліваць суразмоўніцтва з сямейнікамі, калегамі, сябрамі, студэнтамі па-беларуску. Цікаўлюся беларускамоўнай інфармацыяй у Інтэрнэце. Мне цікава ўсё, што звязана з беларускім словам, яго функцыянаваннем як у мінулыя часы, так і сёння. Чытаю мастацкую і навуковую літаратуру па-беларуску. Для мяне гэта звыкла і натуральна.
Прачынаюся я раніцай, і разам са мной прачынаюцца ў свядомасці родныя, такія знаёмыя і дарагія беларускія словы: світанне, надвор’е, сонейка, дожджык, праца, сябры… Між тым іншы раз стэрэатыпы моўных паводзін усё ж такі ўздзейнічаюць на цябе. Усё залежыць ад сітуацыі і суразмоўніка. Лічу сябе рэальна двухмоўнай асобай, на працягу дня размаўляю і па-беларуску, і па-руску. Але ж роднай для мяне была, ёсць і будзе беларуская мова. Яе чула ў сям’і з дзяцінства, на ёй думаю, разважаю. А ў тым выпадку, калі вяду гаворку па-руску, даводзіцца «перакладаць» свае думкі.
Я бясконца люблю сваю мову. А як жа інакш? І папулярызую, каб падзяліцца з моладдзю, вучнямі і настаўнікамі сваімі навуковымі набыткамі, ведамі ў галіне сучаснай беларусістыкі.
Родная мова дапамагае нам «увайсці» ў свет этнічнай культуры свайго народа і зразумець яе асноўныя коды. Яшчэ напрыканцы ХІХ ст. Ф. Багушэвіч пісаў так: «Мова – гэта адзежа душы народа, самы дарагі і неацэнны яго скарб». Насамрэч, родная мова з’яўляецца важным духоўным набыткам любога этнасу, адной з найважнейшых прыкмет нацыі, служыць падмуркам этнічнага самаўсведамлення і асновай для развіцця нацыянальнай культуры.
Сёння кожнаму з нас трэба смялей ужываць беларускае слова. Ужываць не толькі ў побытавай сферы і паўсядзённых зносінах, але і пры выкананні сваіх службовых абавязкаў, на працы, у школе, памятаючы пра тое, што беларуская мова – гэта дзяржаўная мова Рэспублікі Беларусь, тытульная мова беларускага этнасу, да якога мы належым.

Аляксей Мікалаевіч Фенчанка, рэдактар рэдакцыйна-выдавецкага аддзела:

Павага і любоў да роднага слова і ўвогуле да Слова асабіста для мяне не фармальнасць. Лічу, што мне вельмі пашчасціла выхоўвацца яшчэ з маленства ў атмасферы неабыякавасці да літаратуры і мовы. Па-першае, мае бацькі, педагогі, вельмі многа ўвагі ўдзялялі чытанню, абмяркоўвалі і дзяліліся ўражаннямі, а таксама спрабавалі пісаць вершы. Па-другое, я ад усёй душы ўдзячны сваім настаўнікам: рускай мовы і літаратуры Галіне Пятроўне Главацкай, дзякуючы якой у 1986 годзе мой родны брат Віталь стаў пераможцам абласной алімпіяды і гонарам СШ№ 15 г. Віцебска (зараз гэта гімназія №1), і беларускай мовы і літаратуры Ядвізе Іванаўне Бердашкевіч, былой партызанцы і заслужанай настаўніцы БССР. Менавіта іх жыццёвыя і творчыя ўрокі заклалі той падмурак, з якім мне было не сорамна працаваць у свой час у Кіраўскай школе Віцебскага раёна. Мае вучні і бацькі з лёгкасцю размаўлялі са мной і па-руску, і па-беларуску. Безумоўна, выхаванню пашаны да Слова і да роднай мовы спрыяла сумеснае правядзенне тэматычных вечарын, канцэртаў, літаратурных мерапрыемстваў, сустрэч з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны і воінамі-інтэрнацыяналістамі, айчыннымі артыстамі і спартсменамі. Мне прыемна, што многія мае вучні з цеплынёй успамінаюць тыя гады, а некаторыя зараз з гонарам аддаюць свае сэрцы малым выхаванцам і школьнікам Віцебшчыны.
Гасподзь нам падараваў напеўную, чароўную, сакавітую мову, на якой размаўлялі, стваралі фальклор і пісалі нашы продкі. Родная мова – гэта дыямант, які мы заслужылі і захоўваем і сёння. Нездарма ЮНЕСКА прызнае беларускую мову як адну з мілагучных і прыгожых. Толькі чытаючы Кірылу Тураўскага і Міколу Гусоўскага, Максіма Багдановіча і Янку Купалу, Максіма Гарэцкага і Якуба Коласа, Уладзіміра Караткевіча і Алеся Адамовіча можна зразумець сціплую, добрую, праніклівую, мудрую асобу беларуса. Родная мова як чыстая крыніца і багатая культура народа, нашы традыцыйныя каштоўнасці заўсёды дапамагалі нам быць моцнымі і высокадухоўнымі людзьмі. І сёння бывае жаданне пагартаць старонкі твораў Кузьмы Чорнага, Алеся Асіпенкі, Анатоля Канапелькі, Уладзіміра Папковіча, Яўгеніі Мальчэўскай, Вольгі Русілкі… Для сябе, не для кагосьці. І становіцца неяк цёпла на душы. Бо калі мы глыбока пазнаём іншых, лепей разумеем і сябе!

Алена Леанідаўна Міхайлава, загадчык кафедры сацыяльна-педагагічнай работы:

Родная мова ў маім разуменні – гэта душа народа, яго адметнасць у параўнанні з іншымі народамі, гэта вялікі скарб! Я рамантызую родную мову –яна непаўторная, мілагучная, свая!
На роднай мове я апошні час размаўляю з дачкой, пішу на ёй як вершы, так і навуковыя работы. Люблю чытаць кнігі беларускіх пісьменнікаў: і класікаў, і малазнаёмых масаваму чытачу. Напрыклад, апошні прачытаны мною твор – прыгодніцкая гістарычна-краязнаўчая аповесць «Шчарбаты талер» Андрэя Федарэнкі. Падабаецца экранізацыя класічных твораў кінастудыяй «Беларусьфільм» (напрыклад, трылогія Івана Мележа «Людзі на балоце»).
Я размаўляю па-беларуску амаль штодзённа, калі ўлічваць і вусную, і пісьмовую мову. І ў маім асяроддзі ёсць шмат людзей, якія размаўляюць на нашай роднай беларускай мове: у першую чаргу гэта мая сям’я.
А ў цэлым мы павінны памятаць, што без мовы культура маўклівая і аднабаковая.

Вікторыя Гайкавая, студэнтка 2 курса факультэта хіміка-біялагічных і геаграфічных навук:

Родная мова – гэта не проста словазлучэнне. Гэта нешта мілае сэрцу, цёплае і блізкае да душы. Мова з’яўляецца важнай часткай чалавечай культуры і самога чалавека.
У маім жыцці родная мова займае важнае месца. Кожны дзень я хоць і карыстаюся рускай мовай, але ў патрэбны момант магу з лёгкасцю адказаць і паразважаць на роднай беларускай.
Беларуская мова вельмі лаканічная, я захапляюся творамі, напісанымі на ёй. Я і сама пісала вершы на роднай мове, бо беларускамоўныя радкі запамінаюцца і прымушаюць задумацца. На жаль, на беларускай мове я размаўляю не так часта, як хацелася б, паколькі ў маім асяроддзі вельмі мала беларускамоўных людзей, але яны ёсць: гэта мае сябры, настаўнікі і выкладчыкі, а таксама блізкі мне чалавек – мая маці.
Шкада, што мы рэдка ўспамінаем пра свае карані. Бо наша родная мова нам дасталася ад нашых продкаў і варта ставіцца да яе з цеплынёй і павагай. На розум адразу прыходзяць радкі Янкі Купалы:

Ад прадзедаў спакон вякоў
Мне засталася спадчына;
Паміж сваіх і чужакоў
Яна мне ласкай матчынай.

Мова – гэта тое, без чаго не можа існаваць ні адзін чалавек. Знікне родная мова – знікне і сам народ.

Цімафей Чайкоўскі, студэнт 1 курса факультэта фізічнай культуры і спорту:

Родная мова – гэта мова, якую чалавек вывучае з дзяцінства, якая звязана з яго нацыянальнасцю, культурай і ідэнтычнасцю. Яна займае важнае месца ў маім жыцці, я стаўлюся да яе з павагай і любоўю, бо гэта мова нашых продкаў і, спадзяюся, будзе мовай нашых нашчадкаў. Я стараюся выкарыстоўваць яе ў розных сферах жыцця: чытаю кнігі, слухаю песні, гляджу фільмы. Калі-некалі я гавару па-беларуску, бо мае сябры з Расіі просяць паказаць мілагучнасць і паэтычнасць нашага слова.
На жаль, я рэдка размаўляю на беларускай мове, бо ў асноўным людзі побач са мной гавораць па-руску. Але беларускую мову я вельмі часта чую на занятках і па тэлебачанні. У школе мая настаўніца па беларускай мове імкнулася паказаць прыгажосць мовы – гаварыла толькі па-беларуску і гэтага ж патрабавала ад нас.
Мова займае значнае месца ў культуры народа, бо гэта асноўны сродак выяўлення і перадачы каштоўнасцей, традыцый нашай нацыі. Мова таксама адлюстроўвае гісторыю, менталітэт і светапогляд народа. Як гучаць нашы песні, вершы! А якія прыгожыя выслоўі складзены: «зямля пад белымі крыламі», «блакітныя вочы Беларусі», «васільковыя вочы» і г.д.
У нашай краіне шмат брэндаў, але, я лічу, што самы якасны наш брэнд – гэта беларуская мова.

Анастасія Сіманковіч, студэнтка 4 курса факультэта гуманітарыстыкі і моўных камунікацый:

Я лічу, што мова ў культуры народа займае галоўнае месца, бо яна нас яднае. Беларуская мова – гэта маё жыццё. Менавіта таму я выбрала прафесію, дзе ў мяне будзе магчымасць дзяліцца мілагучнасцю нашай роднай мовы, а таксама вучыць іншых любіць наш сапраўдны скарб.
Мова – не толькі сродак зносін паміж людзьмі, але і частка беларускай душы. Нідзе вы не знойдзеце столькі пяшчоты, трапнасці, мудрасці як у родных словах. Дзякуючы роднай мове адчуваеш сябе сапраўднай асобай, Чалавекам.
Як і ў большасці беларусаў, мая мова пачалася з сям’і, дзе, як бы не стараліся сваякі гаварыць па-руску, гаворка атрымлівалася беларуская. Магчыма, многія лічаць, што наша мова амаль мёртвая. Здаецца, што на ёй гавораць толькі ў вёсках і толькі сталыя людзі. Я з гэтым не згодна, таму што ўсё больш і больш з’яўляецца цікавых праектаў, брэндаў, блогаў, старонак у сацсетках, добрай музыкі. Ствараецца беларуская агучка для папулярных і сучасных фільмаў. Варта толькі пашукаць. Важна, што гэтым займаецца моладзь. Таму, калі мне кажуць, што ў нас няма чаго паглядзець ці паслухаць па-беларуску, гэта вызывае ўсмешку.
Палова майго моўнага асяроддзя – гэта людзі, якія размаўляюць па-руску. Няма нічога страшнага ў тым, на якой мове будзе ісці ваша размова, бо галоўнае, каб вы разумелі адзін аднаго.
На мой погляд, мову не трэба шанаваць, як нейкую незвычайную з’яву, на роднай мове трэба проста размаўляць. Пасля вы ўбачыце, што мяняецца не толькі свет, але і вы самі.

На маю думку, Міжнародны дзень роднай мовы закліканы нагадаць пра важнасць захавання і развіцця ўсіх моў свету. Гэты дзень з’яўляецца добрай магчымасцю для абмену вопытам і ведамі паміж носьбітамі розных моў. У нашым універсітэце таксама праводзяцца разнастайныя мерапрыемствы, накіраваныя на папулярызацыю моў і культур розных народаў. У той жа час стала добрай традыцыяй правядзенне фестываляў беларускага слова, навуковых канферэнцый, акцый. Да таго ж у нас ёсць спецыяльнасці, на якіх вывучаюць беларускую мову; ёсць студэнты і выкладчыкі, якія размаўляюць на ёй.

Каб пазбегнуць знікнення роднай беларускай мовы, трэба больш на ёй размаўляць, чытаць кнігі, вучыць вершы, пісаць SMS-паведамленні. І менавіта тады з’явіцца магчымасць захаваць яе на доўгія гады.

Аўтар Алена Балаканава, студэнтка 3 курса
факультэта гуманітарыстыкі і моўных камунікацый

Артыкул падрыхтаваны ў рамках праходжання літаратурна-рэдакцыйнай практыкі

+1
20
+1
3
+1
1
+1
1
+1
0