Адукацыйная казка

Адукацыйная казка

Шасці студэнтам нашага ўніверсітэта (і мне ў тым ліку) пашчасціла стаць удзельнікамі лінгвакраіназнаўчай практыкі і паехаць узбагачаць сваю скарбніцу ведаў у Польшчу.

Падарожжа выдалася вельмі багатым на ўражанні, якімі нельга не падзяліцца. Кожны з нас пражыў новае маленькае жыццё, пра якое мне б і хацелася расказаць. А цяпер пра ўсё па парадку. Пачну з сябе.

 

Настасся Фралова, студэнтка філалагічнага факультета

 

— Гэта было маё амаль што першае падарожжа за мяжу, не лічачы Расіі, таму да гэтай паездкі я аднеслася з усёй сур’ёзнасцю. Асвяжыўшы сваю памяць словамі і выразамі з сшытка па польскай мове і прагледзеўшы шмат размоўнікаў, разам з гэтым вывучыўшы нешта для сябе новае, я зразумела, што час ехаць.

Нам выпала магчымасць адправіцца ў Польшчу ў цудоўны час — на пачатку верасня. Гэта месяц, калі прырода яшчэ песціць нас сваім цяплом і надзвычай прыгожымі пейзажамі, таму наша падарожжа абяцала быць шыкоўным. Так яно і атрымалася…

Але першае, з чым я сутыкнулася, едучы ў гэтую краіну, — вельмі доўгая дарога. Амаль што суткі ў цягніку для мяне былі сапраўдным выпрабаваннем, паколькі паслугамі чыгункі я карыстаюся вельмі рэдка. Мне, канешне, было некамфортна, тым не менш, гэта карысны вопыт…

Першым польскім горадам, у якім мы апынуліся, была Варшава. Менавіта з яго пачалася мая любоў да гэтай краіны. Варшава здзівіла сваімі высачэзнымі будынкамі, самабытнай архітэктурай і вялікай колькасцю турыстаў. На вакзале мы чулі шмат людзей, якія размаўлялі на розных мовах. Для мяне як філолага было вельмі цікава назіраць за гэтай з’явай. А вось наступны тыдзень мы жылі ў цудоўнай Зялёнай Гуры. Па памерах горад маленькі, нават меншы за наш Віцебск, але ён таксама мяне прыемна ўразіў. Мы прыехалі якраз падчас гарадскога свята. Яно доўжылася тыдзень і чымсьці нагадвала фестываль «Славянскі базар у Віцебску».

Нягледзячы на тое, што горад маленькі, ён сабраў тысячы людзей, якія, забыўшыся пра свае клопаты, танцавалі на вуліцах пад музыку папулярных дзіджэяў, слухалі песні вулічных музыкаў. На працягу тыдня, пакуль доўжылася свята, горад не сціхаў ні днём ні ноччу.

Асаблівым момантам нашай паездкі была вучоба ў Зеленагурскім універсітэце. З першых хвілін знаходжання ў ім мне спадабаўся сам будынак, які нагадваў модны амерыканскі ўніверсітэт. У захапленні я была і ад бібліятэкі ВНУ, дзе знаходзіцца бясконцае мноства кніг, што даступны абсалютна кожнаму студэнту. Яшчэ, на што я звярнула ўвагу, — гэта маленькія пакойчыкі для самападрыхтоўкі ў бібліятэцы. Мне як чалавеку, які вельмі любіць цішыню, гэтая задума вельмі спадабалася, і было б цудоўна, каб нешта падобнае з’явілася і ў нашай альма-матар.

Спадабаўся мне і народ Польшчы — шчыры, прыветлівы, добры. Калі ў нас узнікалі складанасці ў арыентацыі па горадзе, то абсалютна да кожнага гараджаніна можна было звярнуцца па дапамогу. Людзі ў гэтай краіне жывуць няспешна, і бачна, што яны атрымліваюць асалоду ад жыцця. За гэтым было вельмі прыемна назіраць.

 

Карына Волкава (402-1 група ФлФ):

 

— Як было ў Польшчы, заўсёды прыемна ўспамінаць. Я ездзіла з суседкай па пакоі ў інтэрнаце, таму жартачак і прыколаў у нас з ёй зашмат. Тут і пра тое, як у краме на вакзале мы не маглі патлумачыць, што хочам купіць сурвэткі, і пра тое, як не ведалі, навошта нам «рэкламувка», адмаўляючыся ад яе і не разумеючы, што гэта звычайная пластыкавая торба, і пра тое, як кармілі качак у піжамах, бо жылі ля возера.

Была такая прыгожая польская восень, і так хацелася таксама выглядаць прывабна…

Асабліва мяне цікавіў такі момант: ці сапраўды беларусаў у Польшчы любяць? І адказ такі: сапраўды! У гэтай краіне любяць усіх. Гараджане надзвычай ветлівыя, заўсёды імкнуцца дапамагчы.

Адзін з маіх самых незабыўных успамінаў звязаны з Варшавай. Мы пайшлі прагуляцца па горадзе, каб паглядзець розныя знакамітыя турыстычныя месцы. Пакуль дзяўчаткі фатаграфаваліся на плошчы, я падышла да музыкі, што граў, седзячы на камянях. Я села побач. А потым мы даведаліся, што ён, як і мы, з Віцебска і што нават ведаем яго дачку. Зямля круглая — вось што я тады зразумела.

Паездка ў Польшчу перакуліла маё жыццё з ног на галаву, і я вельмі шчаслівая, што мне пашанцавала пабываць там. Абавязкова наведую гэтую краіну яшчэ раз!

 

Кацярына Сокал (401-1 група ФлФ):

 

— Гісторыя пра тое, як услед за зачыненымі дзвярыма адчыняюцца новыя!

Так, не здолеўшы аднойчы патрапіць на летнія курсы ў Польшчу, я страціла надзею на тое, што пабываю ў гэтай краіне. Аднак чакаць доўга не давялося, здарыўся цуд: мой выкладчык паведаміў, што я магу паехаць у адукацыйнае падарожжа ў Польшчу!

Галоўным горадам нашай лінгвакраіназнаўчай практыкі была Зялёная Гура, дзе мы прабылі тыдзень. І гэты тыдзень быў найлепшым у новым навучальным годзе.

Штодзень мы вывучалі горад, хадзілі ва ўніверсітэт на заняткі па польскай мове, якія вяла выдатная выкладчыца Люцыя Кульваноўская, пазнаёміліся з доктарам навук Малгажатай Лучык.

Нам пашчасціла таксама пабываць у Вроцлаве. Гэты горад забраў кавалачак майго сэрца, хоць мы прабылі там нядоўга. Гномы — маленькія скульптуры — сустракалі нас у самых розных месцах горада. Я абавязкова вярнуся ў Вроцлаў, каб знайсці іх ўсіх.

Акрамя таго, я пазнаёмілася з палякам Паўлам. Цяпер мы падтрымліваем сувязь — для мяне гэта выдатная магчымасць практыкаваць польскую мову.

Апошнім пунктам нашага падарожжа быў начлег у сталіцы Польшчы — Варшаве. Гэта сучасны горад: мноства хмарачосаў, мільёны людзей, удасканаленая сістэма транспартнага абслугоўвання.

Хоць з надвор’ем нам не вельмі пашанцавала, эмоцый і ўражанняў я прывезла з сабой шмат! За тыдзень я пазнаёмілася з чалавекам з нашай дэлегацыйнай групы, які стаў для мяне блізкім па душы, і цяпер мы кожны вечар п’ём разам гарбату і ўспамінаем гэты цудоўны час.

 

Марыя Казунко (401-1 група ФлФ):

 

— Падарожжа ў Польшчу насамрэч стала для нас выдатнай магчымасцю ўзбагаціцца ведамі. Мы жылі ў гэтай краіне, размаўлялі з носьбітамі мовы, што дазволіла нам удасканаліць свае моўныя навыкі. Было цікава пабываць ва ўніверсітэце ў Зялёнай Гуры і паглядзець, як там вучацца студэнты, як праходзяць іх вучэбныя дні. А яшчэ было файна паспрабаваць нацыянальныя польскія стравы і прысмакі. Тыдзень праляцеў вельмі хутка, і мы не паспелі азірнуцца, як трэба было вяртацца ў Віцебск. Думаю, што мы ўсе не адмовіліся б зноў вярнуцца ў Польшчу і наведаць новыя мясціны.

Калі ў цэлым, то падарожжа атрымалася цудоўным! Яно было надзвычай багатым на ўражанні і прыемныя здарэнні! Польшча — гэта тая краіна, у якую хочацца вяртацца, што мы і плануем зрабіць у будучым.

 

Настасся Фралова, студэнтка філалагічнага факультета

 

+1
0
+1
0
+1
0
+1
0
+1
0