Родная мова ў маім жыцці

Родная мова ў маім жыцці

«Ніякае багацце людзей не бывае даражэйшым за іх родную мову» (Якуб Колас). Мова – гэта цэлы свет. Гэта тое, што аб’ядноўвае нацыю. Што робіць нас беларусамі. Хто гэта павінен ведаць, як не студэнты спецыяльнасці  «Беларуская філалогія» факультэта гуманітарыстыкі і моўных камунікацый?

Таму напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы я і вырашыла задаць ім некалькі пытанняў:

1.Што значыць для вас беларуская мова?
2.Хто паўплываў на ваш выбар спецыяльнасці?
3.Хто вашыя любімыя беларускія аўтары? Якія творы вы маглі б параіць прачытаць?
4.Калі вы пачалі пісаць вершы і якая асноўная тэматыка вашых твораў?

Эла Маркевіч, студэнтка 2 курса:

1.Беларуская мова – гэта, як я лічу, візітная картка кожнага сапраўднага беларуса. Яна прыгожая, мілагучная, а колькі цудоўных твораў напісана на ёй! Беларуская мова – гэта люстэрка майго народа, маёй сям’і, мяне асабіста.

2.Я мяркую, што любоў да любога прадмета пачынаецца з настаўніка. Мне пашчасціла, што мая настаўніца Таццяна Фёдараўна Янушонак літаральна жыла беларускай мовай. За гэта я ёй бязмерна ўдзячна. Канечне, на мой выбар паўплывала яшчэ і тое, што родам я не з горада, а з маленькай вёсачкі, дзе беларуская мова гучыць з вуснаў кожнага чалавека.

3.Я больш люблю чытаць паэзію, чым прозу. Мае любімыя паэты і паэткі – Яўгенія Янішчыц, Алесь Разанаў, Максім Багдановіч і Алесь Пашкевіч. Яшчэ я вельмі люблю ўсё фантастычнае і загадкавае, таму магу параіць прачытаць «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» Яна Баршчэўскага. Вас павінен захапіць гэты твор, бо ў ім закладзены глыбокі псіхалагічны сэнс. Да прыкладу яшчэ адзін фантастычна-захапляльны твор – «Дзяды» Элаізы Ажэшкі.

4.У 9-м класе настаўніца мяне папрасіла напісаць верш на конкурс. Да той пары я гэтага не рабіла, таму мне было складана. Але з дапамогай педагога ўсё атрымалася. З таго часу я і пачала пісаць вершы. На сённяшні момант твораў у мяне няшмат. Зразумела, што большасць іх прысвечана тэме кахання.

***

Твае вочы

Зірнуць у іх – і заблукаць
Недзе там, у паднябессі.
Доўгі час шукаць, вітаць
Гук чароўна-мілагучнай песні,

Што ліецца ўздоўж зямлі
І ўзносіцца з-за небакраю.
Ды ў сэрцы маім трымціць –
Я з непрытомнасцю гуляю.

Гляджу ў іх – і патанаю спешна,
Бо заварожана той глыбінёй.
Не дапусці адну пагрэшнасць,
Надзейны дай прытулак свой.

І гук у песні мы наладзім
Званчэй тых трэляў салаўя.
Бляск маіх вачэй не здрадзіць,
Пакуль з табою буду я.

 

Кацярына Селязень, студэнтка 2 курса:

1.Вучылася я ў Удзелаўскай дзіцячым садзе-сярэдняй школе Глыбоцкага раёна, дзе ўсе ўрокі праходзілі на беларускай мове і большасць вучняў размаўлялі па-беларуску і са здзіўленнем глядзелі на тых, хто гаварыў на чыстай рускай мове.Таму для мяне было дзіўна, калі я паступіла ва ўніверсітэт, пабачыць людзей, якія і двух слоў на беларускай мове звязаць не могуць. Але ж яны не вінаватыя, што выраслі ў рускамоўным асяроддзі. Што значыць для мяне беларуская мова? Нават не ведаю. Мне проста падабаецца тое, што я свабодна магу гаварыць на абедзвюх мовах, што магу адказаць чалавеку на той мове, на якой ён да мяне звярнуўся, а не чырванець, што не ведаю, напрыклад, беларускіх слоў.

2.У дзясятым класе я перайшла ў новую школу. Беларускую мову ў мяне там выкладала настаўніца Алена Францаўна Грышанковіч, якая ў хуткім часе стала, можна сказаць, маім кумірам.

Яна кіравала гуртком, удзельнікі якога займаліся вырабам школьнай газеты. Аднойчы Алена Францаўна пахваліла стыль майго пісьма, і я прызналася ёй, што сапраўды трохі пішу. Пасля гэтага яна даслала адзін з маіх твораў на рэспубліканскі літаратурны конкурс «БрамаМар-юні», і я прайшла ў фінал. Тады я зразумела, што гэта тое, чым я хачу займацца. І я выбрала спецыяльнасць «Беларуская філалогія (літаратурна-рэдакцыйная дзейнасць)».

3.Не сказала б, што шмат чытаю на беларускай мове. Мне больш падабаецца сачыць за новымі, яшчэ нікому невядомымі аўтарамі на якіх-небудзь форумах для пісьменнікаў-пачынальнікаў. На дадзены момант я цікаўлюся кітайскімі гістарычнымі навэламі. Але ў мяне ёсць любімая беларускамоўная кніга – трылогія Івана Сяркова «Мы з Санькам… ». Першы раз я прачытала яе класе ў шостым. Цяпер кожныя гады два перачытваю. Яшчэ я часта чытаю замежных аўтараў у перакладзе на беларускую мову, а час ад часу вяртаюся да любімых твораў Уладзіміра Караткевіча, Васіля Быкава, Людмілы Рублеўскай і іншых аўтараў.

Прачытаць магу параіць дзве кнігі Андрэя Горвата – «Радзіва «Прудок». Дзённік» і «Прэм’ера». Яны невялікія і чытаюцца вельмі лёгка.

4.Першы верш я напісала ў другім класе па дарозе ў школу. У гэты дзень выпала шмат снегу, свяціла сонейка, карацей, было вельмі прыгожа. І мяне гэта вельмі ўразіла. Я прыйшла ў школу, запісала верш і паказала настаўніцы. Яна мяне пахваліла.

У старэйшых класах я разам з аднакласнікам пачала пісаць паэму. Але за два гады мы яе так і не скончылі, плануем дапісаць фінал на якім-небудзь вечары сустрэч выпускнікоў. Калі казаць праўду, мне мае вершы зусім не падабаюцца. Бо натхненне прыходзіць да мяне толькі ў двух выпадках: калі мне сумна ці калі я злая. Хутчэй пішу творы для эмацыянальнай разгрузкі, а потым праз некаторы час выдаляю.

***

Адзін з вершаў, напісаных на школьнае мерапрыемства:

У першым класе я настаўніцу спытала:
«Калі ж павінна віншаваць я бацьку?».
На што яна мне суха адказала:
«На 23-яе, а зараз мы рыхтуем вершы маці».

І крыўдна мне за бацьку майго стала.
Чаму ж увагі мы так мала надаём?
Не толькі ж маці нам жыццё падаравала.
Ды і ў выхаванні хто ўдзельнічаў, не ён?

Калі папросяць расказаць пра чалавека,
Якога, як жыццё сваё, люблю.
Магу пра бацьку гаварыць я і паўвека,
Сваю пашану яму гэтым аддаю.

Мікіта Яблакаў, студэнт 3 курса:

1.Беларуская мова для меня сёння – адзін з інструментаў, якім я абавязаны ўмець карыстацца. Да таго ж мне прыемна размаўляць па-беларуску, хаця я і не магу сказаць, што раблю гэта кожны дзень. Але ўсё часцей здараюцца моманты, калі мне вельмі хочацца прачытаць кнігу на беларускай мове. Сам я больш пішу вершы і апавяданні на рускай мове, аднак часта перакладаю іх на беларускую.

2.Паўплывала на мой выбар маці. Так атрымалася, што ў школе мне больш падабаліся гуманітарныя прадметы і з цяжкасцю даваліся навукі накшталт матэматыкі, фізікі і г.д. Адсюль і выбар спецыяльнасці на карысць «Беларускай філалогіі».

3.Кніг на беларускай мове шмат. Як мастацкіх твораў, так і перакладаў. З беларускамоўнай літаратурай я пачаў знаёміцца з кнігі Альгерда Бахарэвіча «Сабакі Еўропы». Потым мне пачалі трапляць у рукі пераклады сусветнай літаратуры. Так, я прачытаў раман Чарльза Букоўскага «Чытво» і зборнікі вершаў Уладзіміра Маякоўскага, Арцюра Рэмбо і хоку Мацуо Басё. З апошніх беларускамоўных кніг быў раман Юрыя Станкевіча «Любіць ноч – права пацукоў». Вельмі годная рэч, рэкамендую. Яшчэ магу параіць Віктара Марціновіча «Сфагнум». Калі знойдзеце версію на беларускай мове, будзе цудоўна. Ну і яшчэ адзін раман Альгерда Бахарэвіча – «Апошняя кніга пана А».

4.Свой першы верш я напісаў прыкладна ў васемнаццаць гадоў. Проста ўзяў і напісаў. Без нейкай тэмы ці канцэпцыі. Потым яшчэ і яшчэ…

На мяне ў той момант не ўплывалі ніякія пісьменнікі, таму я змог выпрацаваць свой стыль. Да ідэала, зразумела, далёка, але ж і вопыту мала. Пра наяўнасць таленту нічога сказаць не магу, не я вырашаю: ёсць ён у мяне ці не.

Мне цяжка адказаць на пытанне, якая асноўная тэма маіх вершаў. Ёсць творы пра шуканне сябе, самааналіз… А, напрыклад, апошні зборнік прысвечаны, шчыра кажучы, маргіналам, якія займаюцца мастацтвам. Асноўны герой, канечне,  пісьменнік, але ёсць вершы і пра мастака, і пра фатографа. Пра каханне, Радзіму і прыроду я не напісаў ніводнага верша…

***

Я пустая марыянетка.
Дзе ногі ад маці.
Дзе рукі ад бацькі.
А сэрца – за клеткай
Грудной.
Яе я сабраў з розных частак
Рукой,
Якая была ад бацькі.
А ногі, якія ад маці,
Я вырваў халоднай зімой,
Каб сагрэцца.
Ці патрэбен я вам менавіта такі?
Ці патрэбен я вам,
Бо з дзяцінства пусты?
Немаўля нарадзілася марыянеткай,
А сэрца ўнутры,
За яго грудной клеткай.
Грукае,
Грукае
Сярод цішыні.

Анастасія Шчаглова, студэнтка 1 курса:

1.Беларуская мова займае вельмі важнае месца ў маім жыцці, бо я лічу, што гэта не проста сродак зносін, а тое, што натхняе мяне, дазваляе быць сабой. Я рада, што магу як сама размаўляць на мове, так і паказваць іншым, што гэта годна і ніколькі не сорамна.

2.На выбар спецыяльнасці паўплывалі мае настаўнікі, што былі і застаюцца для мяне ўзорамі сапраўдных педагогаў, а таксама маё жаданне шчыраваць, атрымліваць новыя веды ў галіне філалогіі, духоўна расці і развівацца.

3.Класічная беларуская літаратура 20 стагоддзя натхняе мяне, таму я з задавальненнем перачытваю вершы Янкі Купалы і Уладзіміра Караткевіча. Яшчэ мне падабаюцца творы Андрэя Макаёнка, Аляксея Дударава, Янкі Брыля, Максіма Танка, Івана Шамякіна і многіх іншых аўтараў. Іх творчасць – прыклад майстэрства, да якога трэба імкнуцца.

Параіць для чытання  магу зборнік паэзіі Янкі Сіпакова «Веча славянскіх балад», бо гэтая кніга – спадчына не толькі беларускай літаратуры, але і сапраўдны агульнаславянскі скарб.

4. Вершы я пачала пісаць у восьмым класе. Спачатку гэта былі класічныя формы, потым пачаліся эксперыменты: трыялеты, санеты, актавы, белыя вершы… Асноўная тэматыка маіх вершаў – унутраны свет, узаемадзеянне чалавека з наваколлем. Безумоўна, мне блізкая і тэма кахання, сустракаецца і грамадзянская лірыка.

***

Хтосьці скажа: «обычный заскок»,
Іншым – нібы «с катушек слетела».
Мне насамрэч патрэбны адзін глыток
Беларускага роднага спеву.

Дзе ж мову шукаць? У якіх жа кутках,
Пад аблавай сучасных трэндаў,
Гіне ў сэрцы народа? На нашых вачах
Многім стала ўшчэнт непатрэбнай.

А калісьці змагаліся продкі, каб зноў
Новы дзень сустракаць на Радзіме
Мілагучнаю гутаркай родных ім слоў,
Што жылі шчэ вякамі сівымі.

Адсякуць карані самабытнасці ўшчэнт,
Дрэву гонару ствол зламаюць –
Людзі самі абралі пакутную смерць:
Гінуць у лесе пустым прагалаў.

Душа моцная ў мовы, даруе ўсягды
І абразы, і здраду нанова,
Але страту апошняга гуку ў цішы
Не даруеш сабе самому.

 

Аляксей Кадукаў, студэнт 1 курса:

1.Беларуская мова займае даволі вялікае месца ў маім жыцці, асабліва ў апошні час. Гэта мова маіх бацькоў. А з таго часу, як я вучуся ў ВДУ імя П.М. Машэрава, я стаў яшчэ больш часу праводзіць з сапраўды родным словам.

2.Больш за ўсіх на гэты выбар паўплывала мая настаўніца Раіса Мікалаеўна Лазука. Алімпіяды, конкурсы, выказванні, песні на беларускай мове – я займаўся гэтым на працягу 5 гадоў. І таму, параіўшыся з роднымі, знаёмымі і блізкімі, вырашыў паступіць менавіта на гэтую спецыяльнасць.

3.Любімых кніг на беларускай мове ў мяне даволі шмат. Мне вельмі падабаецца творчасць Уладзіміра Караткевіча, асабліва творы «Дзікае паляванне караля Стаха» і «Каласы пад сярпом тваім». Напэўна, менавіта гэтыя кнігі я і параіў бы прачытаць. Звычайна я не люблю чытаць адно і тое ж па некалькі разоў, але творы Уладзіміра Караткевіча з’яўляюцца выключэннем. Таксама мне падабаецца Максім Багдановіч. Ён мне блізкі, як паэт, уражваюць яго думкі.

4.Вершы я пачаў пісаць дастаткова даўно, але спачатку не ставіўся да гэтага сур’ёзна. Таму можна лічыць, што вершы я пішу больш за тры гады.

Асноўная тэма маіх вершаў – каханне. Гэтаму прысвечана больш за 80 працэнтаў маіх твораў. Таксама шмат вершаў пра прыроду, крыху – на тэму вайны. Я не магу пісаць тады, калі мяне не кранае тая ці іншая тэма, калі мяне гэта не хвалюе.

***

Ліст

Я пішу табе, хоць і не ведаю,
Ці патрэбны табе гэты ліст.
Можа, трэба не чорным па беламу,
А каб проста застаўся ён чыстым?

Можа ў гэтым ніякага сэнсу,
Лепей, мабыць, зусім не пісаць…
Што карысці ад гэтага тэксту,
Калі проста не будзеш чытаць.

Дык чаму гэты ліст я пішу?
І які на пытанне адказ?
Можа, толькі я гэтым жыву,
Ці ў мяне не выходзіць інакш?

Я пішу табе, чуеш, я ведаю,
Што табе не патрэбны мой ліст.
І што трэба не чорным па беламу,
А каб проста застаўся ён чыстым…

 

Арцём Лонскі, студэнт 3 курса:

1.У першую чаргу беларуская мова для мяне – сродак камунікацыі. Яна няблага распрацаваная, досыць зручная і мілагучная. Вядома, ёсць у ёй і шмат «таго, што лягло назаўсёды ў аснову святынi народа, бяссмерця яго». Цікава, што калі чытаеш якога-небудзь Дантэ ці Гётэ ў беларускіх перакладах, то бачыш многія словы, якія раней чуў з вуснаў бацькоў, бабуль, дзядуль, тады як у рускіх перакладах поўна такіх слоў, якіх не тое, што не чуў, нават не бачыў ніколі. Але, у першую чаргу, беларуская мова – класны сродак камунікацыі.

2. На мой выбар паўплывала настаўніца беларускай мовы і літаратуры, мой класны кіраўнік у старэйшых класах Святлана Анатольеўна Яцкоўская. А калі адказваць на пытанне: «Што паўплывала?», то зазначу: у 14 – 15 гадоў я пачаў задумвацца пра тое, у якім інфармацыйным полі жыву, якія навіны чытаю. Літаральна ўсе яны былі на рускай мове, і ў асноўным пра Расію. Пры гэтым і Расія, і тое, што ў ёй адбывалася, мяне абсалютна не цікавіла, у адрозненне ад навін пра Беларусь.Так, я спачатку проста перайшоў на рускамоўныя беларускія СМІ, а потым з іх пералез і на беларускамоўныя. Як аказалася, у Беларусі ёсць свая музыка – дзясяткі гуртоў самых розных жанраў, сучасная літаратура не пра вайну і вёску, а пра цікавыя штукі. І вось я вырашыў вучыцца на беларускай мове. А адзіны спосаб гэта зрабіць у сучаснай Беларусі – паступіць на спецыяльнасць «Беларуская філалогія».

3.Ніколі не ўмеў выбіраць з гары прачытанага адну ці дзве любімыя кнігі, таму раскажу пра некалькі, што захапілі апошнім часам. Па-першае, гэта раман «Віленскі покер» літоўца Рычарда Гавяліса. Гэта такі, умоўна кажучы, Уліс, перанесены ў Вільню ў часы гніення савецкага ладу. Вельмі шмат рэфлексій аб літоўскасці, антаганізме савецкага і нацыянальнага, ну і банальных пытаннях індывідуальнасці і кахання, апісаных, нягледзячы на банальнасць, надзвычай класна. Ну і бязлітасная панк-эстэтыка з гвалтам і крывёй, куды ж без яе.

Па-другое, «У кіпцюрох ГПУ» Францішка Аляхновіча. Уявіце «Архіпелаг ГУЛАГ», толькі не расцягнуты на тры вялізныя тамы, а сціснуты ў старонак 300 апісання індывідуальнага досведу аднаго з найлепшых беларускіх драматургаў таго часу, і вы зразумееце, пра што гэты твор. Дарэчы, напісаны за чвэрць стагоддзя да кнігі Салжаніцына.

Ну і па-трэцяе, хацеў бы параіць раман сучаснага беларускага пісьменніка Альгерда Бахарэвіча «Сабакі Еўропы». Гэта зборнік з шасці вялікіх заблытаных між сабой гісторый пра выдуманую мову, дзяўчыну-шпіёнку, бабку-шаптуху, расследаванне забойства, Мінск, Берлін, вёску Белыя Росы-13, краіну Крыўю і столькі яшчэ надзвычай цікавых рэчаў, што апісаць іх можна хіба што ў іншым рамане, а ніяк не ў невялікай апытанцы. Таксама чытаю кнігі па ўніверсітэцкай праграме і не абмінаю сучасных аўтараў. Напэўна, вылучу спачатку паэтаў: Сяргея Прылуцкага, такога сабе начытанага дэпрэсіўнага панка, які і пра Дэкарта, і пра гарэлку можа напісаць; Юлю Цімафееву, надзвычай лірычную паэтку-феменістку, якая піша аб уяўленні пра жанчыну, разуменне сябе як тэксту і іншых рэчах, што ў такім апісанні выглядаюць грувасткімі і нецікавымі, але ў вершах надзвычай захапляюць. Сярод празаікаў вельмі люблю Андрэя Адамовіча, Уладзіміра Арлова, Андруся Горвата і Адама Глобуса.

4. Вершы пачаў пісаць у школе дзеля адзнак па беларускай мове і літаратуры. Штогод, калі ў краіне ладзіўся нейкі рэспубліканскі паэтычны конкурс, у нашай школе адказнай за яго прызначалі маю настаўніцу беларускай мовы і літаратуры. Яна ж, каб стымуляваць вучняў напісаць хоць нешта, ставіла за вершы, вартыя таго, каб даслаць на конкурс, па дзясятцы па абодвух сваіх прадметах. Тую пісаніну мне зараз і перачытваць сорамна.

Тэмы вершаў з большага выпадковыя. Адзінае, пра што магу сказаць дакладна, – не пішу пра мову/радзіму/каханне/іншыя штукі, пра якія лепш за Купалу, Сыса, Багдановіча і Бадлера я ўсё роўна не напішу.

***

Я чытаў зборнік Рэмбо ў перакладзе А. Хадановіча перад сном і, ужо спаць кладучыся, паклаў яго проста на стол вокладкай уніз; раніцай, робячы каву, заўважыў, як з кніжкі вылазіць маленечкі таракашка; адгарнуў і рэзка закрыў: 12 – 15 дробненькіх вусякоў акупавалі мне ўсю старонку; два з іх закрывалі лічбу накладу, яшчэ двух цікавіла прозвішча выдаўца; астатніх жа тэкст не цікавіў; я расціснуў іх вокладкай, змёў маленькія цельцы і выцер плямы; праз нейкі час яны ўлезлі ў зборнік Купалы, папсавалі мне зборнік Ўітмэна, кніжку Ўайлда; і калі я прыйшоў на сустрэчу з перакладчыцай Ўітмэна і папрасіў падпісаць сабе кніжку, яна ўбачыла плямы і спытала, ці не грызу я пальцы, пакуль чытаю, я сказаў, што гэта ад тараканаў; ёй здалося, што гэта міла; мне здалося, што гэта міла.

***

 

Аўтар Марына Сазонава, студэнтка факультэта
гуманітарыстыкі і моўных камунікацый

+1
1
+1
0
+1
1
+1
1
+1
0