HomeЛИКБЕЗШто пачытаць у Міжнародны дзень роднай мовы?
ЛИКБЕЗМНЕНИЕ

Што пачытаць у Міжнародны дзень роднай мовы?

Міжнародны дзень роднай мовы – неблагая нагода звярнуцца да роднай мовы сваёй краіны. І хоць у краме папрасіць нешта па-беларуску часта проста не выпадае, а ў маршрутцы сказаць: «Спыніцеся на наступным прыпынку, калі ласка» банальна саромеешся, заўсёды можна звярнуцца да літаратуры. Але што рабіць, калі ўвесь Караткевіч прачытаны, а больш нічога цікавага не ведаеш? Сёння мы параім вам 6 кніг сучасных беларускіх аўтараў, якія дакладна не пакінуць вас абыякавымі.

«Радзіва «Прудок». Дзённік» Андруся Горвата

Што? Шчыры дзённік мінскага хіпстара, якому надакучыла сталіца. Настолькі, што ён вырашае пераехаць у родную вёску, аднавіць хату дзеда і жыць там з катом і казой. Калі пазбягаць фраз кшталту «нацыянальны бестселер» і згадак пра кучу перавыданняў, якія перажыла кніга, выдадзеная ўсяго 4 гады таму, трэба сказаць, што твор надзвычай душэўны. Вы будзеце доўга смяяцца над дыялогамі героя з вяскоўцамі. А роздумы пра жыццё прымусяць задумацца пра тое, куды вядзе ваш жыццёвы шлях.

Каму? Усім. І тым, хто хоча ўспомніць атмасферу вёскі, з якой прыехалі ці ў якую ездзілі на канікулы да бабулі. І тым, хто ў вёсцы ніколі не быў, але таемна марыць хоць на нейкі час вырвацца з горада. І цалкам задаволеным сваім жыццём сур’ёзным дзядзькам і цёткам, каб даведацца, як жа там на гэным Палессі сучасным людзям жывецца.

Цытата: «Калі зрання едзеш на лісапедзе па Палессі, увесь такі памыты халоднай вадой са студні, увесь такі наеты сырадоем, увесь такі напоўнены любоўю, то не шкада, што не бяруць у касманаўты, бо космас унутры».

 

«Калі цябе спаткае казка» Ганны Навасельцавай

Што? Кніга аўтарскіх казак адной з выкладчыц нашага ўніверсітэта, дзе вядомыя ўсім казачныя героі беларускага і сусветнага фальклору трапляюць у новыя цікавыя сітуацыі. А вытанчаны казачны стыль напісання дапаможа вам сапраўды пагрузіцца ў казачны свет з чараўнікамі і духамі, міфічнымі істотамі і разумнымі жывёламі. А вы гатовыя да спаткання з казкай?

Каму? Усім, хто засумаваў па казках, але ўсе зборнікі Вільгельма Гаўфа і братоў Грым даўно зачытаныя да дзюр. Усім, хто хоча патрапіць у казачны свет і яшчэ раз сустрэцца з любімымі персанажамі легенд і паданняў.

Цытата: «– Воўк-ваўчок шэранькі! Прыходзь-прыбягай, мяне забірай! Нясі хутка, імчы далёка. У дарозе не спыняйся, людзей не пужайся… Знясі туды, дзе лёс мой чакае!

Чаго? Аж падскочыў з неспадзяванкі. Тое праўда, быў заўсёды  шэрым-шэрым.  Вочы  праніклівыя, кіпцюры  жахлівыя. Голас людскі мне чуваць праз лясы-пералескі, шлях аніводны ад мяне ж не схаваецца. Спрытны-хіжы. Усіх палохаю. І ночку цёмную, непраглядную прыношу на  сваёй спіне… Слухаю, як моляць пра літасць: «Воўк-ваўчок шэранькі! Не прыходзь, не прыбягай. Мяне ж не чапай! Хадзі далёка, не трапляй на вока». Пра лёс жа і зусім не згадваюць. А вось каб так прасілі…».

 

«Белая муха, забойца мужчын» Альгерда Бахарэвіча

Што? Паэтычны феміністычны баявік пра банду жанчын, якія захапілі замак у сучасным свеце. Галоўны герой, выпадковы наведвальнік замкавай выставы, які нечакана пазнае ў галоўнай з тэрарыстак сваё юнацкае каханне. У кожнай тэрарысткі ёсць свая гісторыя, якая прывяла да захопу замка. Чуткі пра банду школьніц, што ў Мінску дзевяностых збівалі мужчын і хлопцаў, якія ім насалілі. Узятыя ў закладнікі турысты, кожны з якіх і стэрэатып, і яскравая асоба. І, як заўсёды ў Бахарэвіча, надзвычай вытанчаны стыль з безліччу шыкоўных метафар, дзе, напрыклад, восень можа зайсці ў аўтобус і пачаць правяраць білеты.

Каму? Усім, каму імпануюць ідэі фемінізму. Усім, каму не імпануюць, таксама. Абыякавым – тым больш. Нават калі заплюшчыць вочы на ідэалагічны складнік тэксту, перад намі – надзвычай захапляльны і кінематаграфічны раман, напісаны так, што адразу адаб’е ўсе думкі аб хуткай смерці беларускай мовы, калі яны ў вас былі.

Цытата: «Як жа так магло стацца, што сярод белага дня ў дэмакратычнай краіне пад жаночым назовам «Рэспубліка Беларусь», у краіне з даведкай пра тое, што яна знаходзіцца ў самым цэнтры Еўропы, у краіне, якой кіравалі мудрыя і магутныя дзяржаўныя мужы, адрэстаўраваны на дзяржаўныя грошы княжскі замак з велікапышнымі высокімі мурамі і неблагой крамаю сувеніраў, замак, які з гордасцю паказвалі турыстам з усяго свету, раптам апынуўся ў руках банды тэрарыстак, кучкі няўрымслівых бабаў без цара ў галаве?».

 

«Жэтон на метро» Андрэя Федарэнкі

Што? Прыгодніцкі трылер пра пісьменніка і жанчыну, якую ён пакахаў у маладосці, яе (а, можа, яшчэ і яго) дачку, і таямнічага замежніка, які хоча забіць сваю жонку. Або наадварот. Карацей, закручанасцю сюжэту кнігі пазайздросцяць і Агата Крысці, і Стывен Кінг. А вытанчанасць мовы Федарэнкі не дасць вам адкласці кнігу, як мінімум да канца главы. А потым аўтар яшчэ больш нагнятае саспенс, і ты проста не можаш не прачытаць яшчэ адну. І яшчэ. І яшчэ…

Каму? Аматарам добрых дэтэктываў і трылераў, якія засумавалі па добрых прадстаўніках жанру. Тым, хто засумаваў па кнігах, настолькі цікавых, што цяжка адкласці, не дачытаўшы.

Цытата: «Бывае, тое, што здавалася вечным, прамільгне за адно чалавечае жыццё, а падзенне знічкі расцягнецца на тысячагоддзі; ад з’явы нібыта глабальнага маштабу з часам у гісторыі не застаецца і следу, і наадварот, якаясь драбяза, узніклая на пустым месцы, пакрысе пачынае павялічвацца, разрастацца, раскручвацца, уцягваючы ў сваю арбіту ўсё новых і новых людзей, заблытваючы іх, ператасоўваючы і прымушаючы рабіць самыя неверагодныя ўчынкі…».

 

«Часам панкі паміраюць» Сяргея Календы

Што? Закручаны аповед пра пакаленне нулявых, з усімі яго субкультурамі, з радасцю атрымання першай машыны і досведам яе карыстання, з першымі каханнямі і супольнымі актамі культурнага распіцця слабаалкагольных напояў. Гэта кніга-пазл, дзе з разрозненых кавалачкаў складаюцца інтымныя і вясёлыя гісторыі пра нулявыя. Нулявыя, у якія жыццё толькі пачыналася. Нулявыя, поўныя сентыментальнасці, мілосці і агіды. Нулявыя, поўныя панкаў, якія, канечне, not dead, але ўсё ж часам…

Каму? Усім тым, чыя маладосць прыпала на нулявыя, пачуццё настальгіі гарантавана. Тым, каму цікава, як сваю маладосць пражывалі іх бацькі. У рэшце рэшт тым, каму цікава, за што ў гэтай кнізе ў 2019 годзе на прэміі імя Ежы Гедройца аўтар атрымаў апошні айфон з рук Святланы Алексіевіч.

Цытата: «Мне не падабаецца сучасная моладзь з іхнімі тусоўкамі каля гандлёвых цэнтраў і мераннем круцізной красовак. Так, у нас не было ўсяго таго, што ёсць цяпер: вялікі выбар тэлевізараў, шмотак і жратвы, але ў нас быў дух і ідэя… Хоць гэтая ідэя мяне далёка не павяла, я засталася ў сваім музычным асяроддзі, але затое я не спілася, як большасць».

 

«Marginalis» Кірыла Стаселькі

Што? Філасофскі раман, які за свае дзвесце старонак правядзе вас праз дзясятак краін і чатырыста год сусветнай гісторыі, а таксама пазнаёміць з ледзь не сотняй персанажаў, звычайных людзей, якія трапілі ў незвычайныя абставіны. Кожная глава кнігі – асобная навела з асобным галоўным героем, што палюе на таямнічую кнігу, што містычным чынам прыносіць няшчасці кожнаму свайму ўладальніку. Разам з героямі мы патрапім у Італію часоў Рэнесансу, сакрэтны савецкі горад, дзе дзеля эксперыменту зладзілі камуністычную камуну з сотні чалавек, на востраў сектантаў і нават яшчэ больш экзатычныя месцы. Кніга нагадае вам Умбэрта Эка, Жазэ Сарамагу і Уільяма Голдынга.

Каму? Аматарам прозы без апісанняў дубоў на дваццаць старонак. Усім, хто пасля добрай главы любіць адкласці кніжку і падумаць аб прачытаным.

Цытата: «Думкі пра старажытную кнігу не пакідалі мяне некалькі гадоў. Раз-пораз праскоквала «а што, калі…». Дакучлівая ідэя раздзірала мяне, увесь час выбівала з каляіны, замінаючы вучыцца і працаваць. Яна магла падпільнаваць мяне на спатканні, падчас чытання або заняткаў спортам, перад сном. Яна чакала мяне паўсюль, не даючы расслабіцца. На шчасце, паступова я прыйшоў да разумення таго, што не змагу ў поўнай меры атрымліваць асалоду ад уласнага жыцця, адчуваць радасць ад таго, што маю і што мяне акружае да таго часу, пакуль канчаткова не здолею змірыцца».

 

Аўтар Арцём Лонскі, студэнт факультэта
гуманітарыстыкі і моўных камунікацый