А якая твая родная мова?

А якая твая родная мова?

«Родная мова, цудоўная мова! Ты нашых думак уток і аснова!… ». Так пісаў пра беларускую мову паэт Уладзімір Дубоўка. Цікава, а што думаюць наконт гэтага студэнты нашага ўніверсітэта? Я вырашыла ў іх запытацца, якой мовай яны часцей карыстаюцца ў жыцці, а якую лічаць роднай і чаму. Вось якія адказы я атрымала.

Кацярына Бурава, студэнтка 3 курса педагагічнага факультэта:

«У паўсядзённым жыццi, у гутарцы з сябрамі, знаёмымі я карыстаюся, у асноўным, рускай мовай. Нягледзечы на гэта, роднай мовай лiчу беларускую.

Яна здаецца мне вельмi прыгожай i мілагучнай. Гэта мова маіх продкаў, маіх бабуль і дзядуль, менавіта на ёй я размаўляю, калі прыязджаю да родных у вёску. Таксама я вучылася ў беларускамоўнай школе, і гэта, безумоўна, моцна паўплывала на маю свядомасць».

Міхаіл Вітукевіч, студэнт 3 курса факультэта фізічнай культуры і спорту:

«В повседневной жизни я чаще пользуюсь русским языком. До 8-го класса я учился в белорусскоязычной деревенской школе, но затем поступил в Витебское училище олимпийского резерва, где обучение велось на русском языке. Также немалое влияние оказало на меня проживание в городе.

Помню случай: однажды я шел на поезд и увидел девушку, которая тащила огромный чемодан. Я помог ей поднять багаж в вагон. Она сказала мне: «Вялiкi дзякуй». Это меня очень сильно тронуло, я автоматически ответил: «Няма за што».

Таким образом, родным считаю как русский, так и белорусский языки. Чаще говорю на первом, но если потребуется, то, думаю, смогу поддержать разговор и на втором».

Кацярына Селязень, студэнтка 2 курса факультэта гуманітарыстыкі і моўных камунікацый:

«Я карыстаюся дзвюма мовамі: беларускай і рускай. Пераважае, канешне, беларуская, бо яна для мяне з’яўляецца роднай, менавіта на ёй я звычайна пачынаю знаёмства з новымі людзьмі.

Але пры гэтым ёсць тыя, з кім я размаўляю выключна на рускай мове, калі яны зусім не разумеюць або не хочуць разумець беларускую мову. Часам я бачу, што многія саромяцца перапытаць нейкае незразумелае слова, але я заўсёды падтрымліваю імкненне чалавека размаўляць па-беларуску.

Дарэчы, я вучылася ў беларускамоўнай школе. Мы лічылі, што дамашняе заданне па беларускай мове куды больш важнае, чым па рускай. Менавіта таму я і вырашыла звязаць сваё жыццё з беларускай філалогіяй».

Сяргей Заяц, студэнт 2 курса факультэта хіміка-біялагічных і геаграфічных навук:

«Для мяне роднай мовай з’яўляецца беларуская. Яна меладычная, пявучая, мне вельмі падабаецца на ёй размаўляць. Не згодзен з тымі, хто сцвярджае, быццам на Беларусі ўсе гавораць толькі на рускай мове. Сапраўды, такія людзі ёсць, асабліва ў буйных гарадах. У невялікіх жа населеных пунктах многія жыхары часта гавораць па-беларуску ці на «трасянцы», і я адзін з іх.

Трэба шанаваць сваю родную мову. Калі не любіць, дык ведаць яе абавязаны кожны. Беларуская мова вельмі прыгожая, і мы ні ў якім разе не павінны яе забываць, інакш не зможам называць сябе сапраўднымі беларусамі».

Кацярына Чукава, студэнтка 2 курса юрыдычнага факультэта:

«У Рэспубліцы Беларусь згодна з Канстытуцыяй дзяржаўнымі мовамі з’яўляюцца беларуская і руская. Гэта дае нам выбар. На мой вялікі жаль, большасць насельніцтва сёння аддае перавагу рускай мове. Я ж у сваім штодзённым жыцці часцей выкарыстоўваю беларускую мову.

Родная беларуская мова, несумненна, з’яўляецца душой нацыі, нясе ў сабе культуру, традыцыі, звычаі продкаў. Мы не павінны саромецца ёй карыстацца, не павінны здзіўляцца, калі людзі размаўляюць па-беларуску. Наадварот, трэба паважаць і берагчы мову, каб потом перадаць наступным пакаленням.

Я бы вельмі хацела, каб як мага больш людзей карысталіся беларускай мовай у паўсядзённым жыцці. Я веру, што такім чынам мы захаваем нашу нацыянальную ідэнтычнасць».

Уладзіслаў Літвінаў, студэнт 3 курса факультэта матэматыкі і інфармацыйных тэхналогій:

«У паўсядзённым жыцці я карыстаюся рускай мовай. Акрамя яе мне, як будучаму праграмісту, таксама важна ведаць і англійскую мову, каб якасна выконваць сваю працу і мець зносіны з замежнымі заказчыкамі. Але калі гаварыць не пра прафесійныя патрэбы, а пра тое, што знаходзіцца ў маёй душы і сэрцы, то магу з упэўненасцю сказаць, што роднай для мяне з’яўляецца беларуская мова.

Напэўна, некаторыя лічуць, што яна хутка знікне, але ў маім сэрцы, у сэрцах маіх бацькоў, бабуль і дзядуль яна застанецца назаўжды. Я заўсёды з цікавасцю і цеплынёй чытаю вершы і апавяданні менавіта на роднай беларускай мове».

Ганна Батракова, студэнтка 3 курса мастацка-графічнага факультэта:

«Нягледзячы на тое, што ў мяне многае звязана з беларускай мовай, у паўсядзённым жыцці я ўсё ж такі часцей карыстаюся рускай. Але пры гэтым лічу сваёй роднай менавіта беларускую. На мой погляд, гэта самая меладычная і незвычайная мова з усіх. Я пачала захапляцца ёй яшчэ ў школе, калі мы праходзілі вершы беларускіх паэтаў, у прыватнасці, пра каханне. Мне падаецца, што беларуская мова – мова пачуццяў».

Ілья Хілько, студэнт 3 курса факультэта сацыяльнай педагогікі і псіхалогіі:

«Мая родная мова – беларуская. Ужо ў свядомым узросце я вырашыў, што хачу ведаць яе дасканальна, бо слова «Радзіма» мае для мяне больш глыбокі сэнс, чым проста сем літар. Я з упэўненасцю магу сказаць, што ведаю сваю родную мову на высокім узроўні. Я лічу, што кожны беларус павінен умець ёй карыстацца і абавязкова памятаць гісторыю яе станаўлення.

Я люблю беларускую мову за яе меладычнасць і пяшчоту ў гучанні, я атрымліваю задавальненне ад чытання любой беларускай літаратуры. Спадзяюся, што ў будучыні мы ўсе будзем часцей размаўляць па-беларуску».

 

Такім чынам, у нашым універсітэце нямала студэнтаў, якія вучацца на розных факультэтах і цікавяцца рознымі рэчамі, але з гонарам называюць сваёй роднай мовай беларускую. І гэта цудоўна!

Давайце ж паважаць, берагчы і шанаваць родную мову, бо яна поўная прыгажосці і таемнасці, чысціні і мяккасці, мілагучнасці і хараства. Гэта найвялікшае багацце кожнага з нас!

 

Аўтар Лідзія Сушчык, студэнтка факультэта
гуманітарыстыкі і моўных камунікацый

+1
0
+1
0
+1
1
+1
0
+1
0