Мы часта чуем пра тое, што Беларусь – краіна, цікавая для турыстаў, з багатай гісторыяй, сваімі традыцыямі, звычаямі і абрадамі. Яна вабіць прыроднай прыгажосцю і мясцовымі славутасцямі. Чуем, але самі гэтага не бачым. Надыйшоў час самастойна даследаваць родны край! І наш гайд табе ў дапамогу.
Маршрут па Віцебскай вобласці разлічаны на 2 дні – ідэальны варыянт для таго, каб цікава правесці свабодныя выхадныя. Не будзем «грузіць» цябе гістарычнымі даведкамі і вялікімі лічбамі – на прасторах інтэрнэту велізарная колькасць інфармацыі. З нас карта – з цябе ўражанні! Стань даследчыкам нашай міні-карты знакамітых месцаў Віцебскай вобласці!
Як дабрацца
Вядома, што самы ўдалы спосаб перамяшчэння па маршруце — гэта на машыне, бо будуць цяжкадаступныя кропкі на карце. Але іх можна прапусціць і падарожнічаць толькі па асноўных месцах нашага тура. Транспартныя зносіны паміж гарадамі развіты дастаткова добра, галоўнае — загадзя азнаёміцца з раскладам аўтобусаў.
Самы старажытны горад Беларусі і цэнтр Еўропы.
Менавіта Полацк стане нашай першай кропкай на карце. Горад, у якім бывалі, магчыма, усё. Але вярнуцца сюды, каб проста пагуляць, успомніць цікавыя факты пра Рагвалода і Рагнеду, Ефрасінню Полацкую, Францыска Скарыну, абавязкова трэба. Памятай, што Полацк яшчэ і геаграфічны цэнтр Еўропы. Для таго, каб абыйсці яго, хопіць і дзвух гадзін. Калі гэтага будзе недастаткова, то можаш наведаць адзін з 7 музеяў. І можна адпраўляцца далей.
Самы маленькі горад Беларусі.
Неафіцыйна гэты статус належыць гораду Дзісна. Але гэта цяпер. Раней ён быў цэнтрам цэлага павета. Адсюль і шэраг славутасцяў, а таксама велізарны гарадскі парк, з якога добра бачна зліццё рэк Заходняя Дзвіна і Дзісна. Шырыня ракі ў гэтым месцы ўражвае і захапляе. І там жа знаходзіцца адна з мясцовых славутасцяў — паромная пераправа.
Самы вялікі вадаспад у Беларусі.
Дабрацца да яго дапаможа, як арыенцір, шум вады. Калі без жартаў, то дарога будзе крыху складаная. Галоўнае — трымай курс на вёску Пруднікі да ракі Вята. Менавіта тут і схаваўся гэты незвычайны для Беларусі «помнік прыроды». Праўда, створаны ён штучна, дзякуючы плаціне, якая выпрацоўвала электрычнасць. Побач ёсць месцы для адпачынку, дзе можна перакусіць з выдатным відам на вадаспад.
Самае буйное верхавое балота ў Беларусі.
І самае прыгожае. Асабліва восенню, калі мясцовасць чырванее ад велізарнай колькасці журавін, а балота на час становіцца домам для шэрых жураўлёў. Для наведвальнікаў распрацаваны бясплатны і камфортны маршрут па драўляным насціле. Але, калі хочацца экстрыму, то можна і сысці са звыклай дарогі, толькі не забудзь гумовыя боты і добрага даведніка!
Самы вялікі комплекс азёр.
Працягваем рухацца на захад Беларусі і спыняемся ў горадзе Браслаў — цэнтры нацыянальнага парку «Браслаўскія азёры». Ён аб’ядноўвае 60 азёр, а ўсяго іх у акрузе больш як за трыста. І амаль кожнае мае сваю легенду. Побач вялікая колькасць сядзіб на любы густ: ад намётавых гарадкоў да вялікіх турыстычных комплексаў. Гэта выдатныя варыянты для начлегу, каб раніцай зноў адправіцца ў дарогу насустрач беларускім Версалю, Парыжу і Венецыі.
Беларускія Версаль, Парыж і Венецыя.
З першага погляду «Беларускі Версаль» — гэта звычайная вёска пад назвай Мосар. Але гэта не так. На ўскраіне Мосара размясціўся прыгожы касцёл і маляўнічы парк з алеямі і сажалкамі, якія сустрэнеш і не ў кожным вялікім горадзе. А яшчэ ў вёсцы дзейнічае самы сапраўдны «сухі закон» і нават антыалкагольны музей. Недалёка размясцілася і вёска Парыж. А паміж Парыжам і Мосара часам праходзіць трактарнае ралі.
А вось «беларускай Венецыяй» называюць горад Глыбокае, у якім пяць азёр і рака. І, вядома, шэраг іншых славутасцяў, якія можна агледзець за гадзіну, павольна ідучы па маленькіх і дагледжаным вулачках. Амаль усе яны ўпрыгожаны сімвалам горада — вішняй, бо Глыбокае — неафіцыйная сталіца гэтай ягады. Тут нават праводзіцца Вішнёвы фестываль.
Раім табе вяртацца ў Віцебск менавіта праз гэтыя населеныя пункты, каб адразу пабываць і ў Версалі, і ў Парыжы і ў Венецыі.
Юны турыст! Гэта толькі частка ўсёй той прыгажосці, якую ты ўбачыш падчас падарожжа. Не забывай зазіраць у карту і даведнік, каб нічога не прапусціць. Поспехаў! І памятай, што цікавае — побач!
Андрэй Краўчанка