Чытаем па-беларуску

Чытаем па-беларуску

Да Дня роднай мовы мы не маглі не падрыхтаваць для вас, дарагія чытачы, ужо традыцыйную рубрыку з падборкай вядомых і цікавых кніг. У гэты раз мы вырашылі звярнуцца да прафесіяналаў і папрасілі ўсімі любімага выкладчыка, кандыдата філалагічных навук, дацэнта Юрыя Міхайлавіча Бабіча скласці невялікі спіс кніг на роднай мове, рэкамендуемых для чытання ў першую чаргу. Мы спадзяемся, што ён будзе вам па душы. Чытаем па-беларуску!

Юрый Міхайлавіч Бабіч, кандыдат філалагічных навук, дацэнт:

— На мой погляд, пачаць варта з класікі. Безумоўна, кожны, хто лічыць сябе беларусам, хто адчувае сваю прыналежнасць да гэтага вялікага этнасу, абавязкова павінен прачытаць паэму “Новая зямля” Якуба Коласа і яго трылогію “На ростанях”.

“Новая зямля”, Якуб Колас

Паэма Народнага паэта Беларусі Якуба Коласа «Новая зямля» — першы беларускі буйны эпічны твор. Гэта кніга, якая павінна быць у біблятэцы кожнага, хто лічыць сябе беларусам. Не толькі таму, што гэта першая нацыянальная паэма, якую справядліва лічаць энцыклапедыяй жыцця беларускага сялянства, класічным творам нашай літаратуры, а перад усім таму, што гэта выдатная паэзія. Сам Якуб Колас лічыў яе асноўнай паэмай ва ўсёй сваёй паэтычнай творчасці.

“На ростанях”, Якуб Колас

Эпічная трылогія класіка, адзін з першых беларускіх раманаў, які меў вялікае значэнне для развіцця жанру рамана ў беларускай літаратуры. Складаецца з трох частак: «У палескай глушы», «У глыбі Палесся» і «На ростанях». У іх намалявана шырокая карціна жыцця вясковай інтэлігенцыі і працоўнага сялянства пачатку XX стагоддзя.

Каб лепш зразумець і агульны кантэкст, як развівалася наша нацыя і наша краіна на пачатку XX стагоддзя, і ў цэлым мець уяўленне пра нашы традыцыі, праблемы і пра пошукі іх вырашэння, я рэкамендаваў бы пачытаць камедыю “Паўлінка” Янкі Купалы і яго п’есу “Тутэйшыя”.

“Паўлінка”, Янка Купала

П’еса Янкі Купалы, камедыя ў двух актах, напісаная ў 1912 годзе. У ёй раскрываецца праблема выкрыцця шляхецкай ганаровасці і абмежаванасці. Дзеянне разгортваецца вакол дачкі Сцяпана Крыніцкага — Паўлінкі, вясковага настаўніка Якіма Сарокі і шляхціца Адольфа Быкоўскага. Паўлінка і Якім — прадстаўнікі маладога пакалення, якія ўвасабляюць яго лепшыя рысы, імкненне да новага ладу жыцця.

“Тутэйшыя”, Янка Купала

Сатырычная трагікамэдыя. У аснове п’есы — роздум аўтара пра гістарычныя шляхі і будучыню беларускага народа. Янка Купала метафарычна паказвае Беларусь як быццам бы ўкрыжаваную паміж Расіяй і Польшчай. Ён выказвае глыбокую трывогу за духоўную спадчыну беларускага народа, яго нацыянальную свядомасць.

Можна шмат чаго парэкамендаваць пачытаць з твораў Уладзіміра Караткевіча. Але, на мой погляд, перш за ўсё трэба звярнуцца да рамана “Каласы пад сярпом тваім” і аповесці “Дзікае паляванне караля Стаха”.

“Каласы пад сярпом тваім”, Уладзімір Караткевіч

Раман апісвае станаўленне беларускай нацыі на прыкладзе шляхецкай сям’і Загорскіх. Падзеі адбываюцца на Магілёўшчыне, Гродзеншчыне, у Вільні, Пецярбурзе, Маскве, Варшаве — у сялянскім асяроддзі і ў дваранскіх палацах, на студэнцкіх сходках і ў навучальных установах, у салонах і гасціных вышэйшых саноўнікаў і на вуліцах шматлюдных гарадоў.

У кнізе дзейнічаюць як літаратурныя персанажы, народжаныя мастацкай фантазіяй, так і рэальныя гістарычныя асобы — К. Каліноўскі, З. Серакоўскі, В. Дунін-Марцінкевіч, С. Манюшка, Т. Шаўчэнка, У. Сыракомля.

“Дзікае паляванне караля Стаха”, Уладзімір Караткевіч

Гістарычны дэтэктыў «Дзікае паляванне караля Стаха» — адзін з найбольш папулярных твораў класіка беларускай лiтаратуры Уладзіміра Караткевіча. Створаная паводле класічных канонаў прыгодніцкай рамантыкі, гэтая аповесць мае і нешта сваё, адметнае, нейкую ўласцівую ёй таямніцу-загадку, якую нават цяжка растлумачыць, а можна хіба адчуць.

Шмат можна прачытаць з твораў Васіля Быкава. Мне здаецца, што найперш за ўсё — “Мёртвым не баліць”. Таксама я парэкамендаваў бы яшчэ прачытаць кнігу яго успамінаў “Доўгая дарога дадому”.

“Мёртвым не баліць”, Васіль Быкаў

Лёгкапараненаму малодшаму лейтэнанту Леаніду Васілевічу даручаюць даставіць у штаб трох палонных немцаў. Пасля жорсткіх баёў, якія перажылі байцы пад Кіраваградам, заданне падаецца ім лёгкай прагулянкай. Каб жа ведаў быкаўскі герой, якім пеклам абернецца для яго гэты шлях, напрыканцы якога ён зразумее старажытнае прароцтва «Жывыя пазайздросцяць мёртвым»!

Праз дваццаць гадоў Васілевіч пазнае ў выпадковым сустрэчным віноўніка сваіх пакутаў, якога даўно ненавідзіць за подласць і здраду. Яны апынуцца за адным столікам у мінскім рэстаране…

“Доўгая дарога дадому”, Васіль Быкаў

Гэтая кніга – успаміны народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава пра асабіста перажытае амаль за 70 гадоў яго багатага на падзеі жыцця. У цікавай аўтарскай манеры вядомы пісьменьнік распавядае пра найбольш яркія старонкі сваёй біяграфіі, дае ацэнку грамадска-палітычным і культурным працэсам, што адбываліся ў Беларусі на ягоных вачах.

Калі казаць пра паэтаў у чыстым выглядзе, то, мне здаецца, што абавязкова трэба вельмі сур’ёзна пазнаёміцца з усёй творчасцю і Генадзя Бураўкіна, і Рыгора Барадуліна, і Ніла Гілевіча. Гэта тыя асобы, якія з’яўляюцца гонарам нашай літаратуры.

Паважаныя студэнты, выкладчыкі і супрацоўнікі ўніверсітэта! Чытайце і размаўляйце на роднай мове, любіце і шануйце яе, бо, як казаў Якуб Колас: “Роднае слова – гэта першая крыніца, праз якую мы пазнаём жыццё і акаляючы нас свет”.

Аўтар Алена Юхно

+1
0
+1
0
+1
0
+1
0
+1
0