Саломка — беларускае «золата». Майстар-клас Таццяны Уласевіч

Саломка — беларускае «золата». Майстар-клас Таццяны Уласевіч

На Беларусі пляценнем з саломкі займаліся здаўна. Гэты від творчасці вядзе сваю гісторыю ад старажытных абрадаў, звязаных з культамі хлеба і саломы. Нашы продкі верылі ў іх боскую сілу, звязвалі з імі сваё будучае жыццё, даравалі ім роль прадказальнікаў у шматлікіх рытуалах. Маладых на вяселлі абсыпалі зернем,а маладую саджалі на салому, каб сіла раслін перадалася сям’і і будучым дзецям. Нягледзячы на зменлівасць свету, вырабы з саломкі працягваюць жыць побач з намі ў выглядзе твораў розных майстроў. Саламяныя кветкі, «павукі», птушкі, лялькі — гэта не проста вобразы. Кожны з іх звязаны з чалавекам, які ўкладвае душу і пэўны сэнс у яго стварэнне.

Студэнты і выкладчыкі мастацка-графічнага факультэта нашага ўніверсітэта з павагай працягваюць традыцыі старажытных рамёстваў і прапануюць усім чытачам VSUonline бліжэй пазнаёміцца з саломапляценнем і нават паспрабаваць самім зрабіць невялікі сувенір.

Таццяна Уласевіч, старшы выкладчык кафедры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і тэхнічнай графікі:

— З кожным годам у саломапляценні з’яўляюцца новыя матэрыялы, віды пляцення, і мы стараемся, каб у нашых студэнтаў была магчымасць ўсяму гэтаму навучыцца. Для пляцення выкарыстоўваем пераважна жытнюю саломку. Лепш за ўсё падыходзіць салома, нарыхтаваная ўручную, прычым нарыхтоўваць яе трэба ў розныя перыяды – тады яна будзе мець асаблівае адценне: ад зялёнага да ярка-жоўтага.

Саломка з’яўляецца ідэальнай сыравінай для вырабаў. Падчас працы з ёй мы атрымліваем масу задавальнення. Яна расце з зямлі, сілкуецца цяплом і сонцам, і ўсё гэта аддае нам. Фігуркамі з яе можна ўпрыгожваць кватэру, дом або падарыць сувеніры сваім сябрам. Такі падарунак не застанецца незаўважаным, бо ён будзе мець сваю гісторыю.

Нашы продкі заўсёды імкнуліся ахоўваць сябе ад злых духаў і поглядаў, таму асаблівую ўвагу надавалі стварэнню абярэгаў. Сёння разам са студэнтамі мы зробім анёла-пацешку, які аберагаў маленькіх дзяцей і знаходзіўся над дзіцячым ложкам. Фігуркі з саломкі лёгкія і пры найменшым подыху ветру пачынаюць рухацца. Дзіця на гэта звяртае ўвагу і супакойваецца. Верылі і ў тое, што на безаблічнай ляльке застаецца ўвесь негатыў, з якім чужыя людзі маглі прыйсці ў дом і паглядзець на дзіця.

Для стварэння пацешкі нам спатрэбіцца: салома, чырвоная нітка і нажніцы. Салому высушваем, чысцім і вымочваем у гарачай вадзе. Пасля гэтага яна становіцца мяккай і эластычнай.

1.Цела. Нам спатрэбіцца 3 саломіны даўжынёй каля 20 см. Складаем іх напалову, перавязваем чырвонай ніткай (2-3 абарота) і завязваем невялікі вузельчык. З пакінутай ніткі адразу ж робім пяцельку, каб пацешку можна было б падвесіць.

2.Галава. Прыціскаем вузельчык і складаем саломку напалову. На адлегласці 1.5-2см ад яго зноў моцна завязваем чырвонай ніткай.

3.Рукі і крылы. Тут кожны можа праявіць сваю фантазію. Можна зрабіць і рукі, і крылы, а можна штосьці адно. Разгледзім першы варыянт: 6 саломін дліной каля 10 см устаўляем пад наш другі вузельчык паміж трыма саломінамі цела, моцна замацоўваем іх ніткай. З трох саломін мы робім крылы, падразаем іх да неабходнай даўжыні, а з пакінутых фарміруем ручкі, замацоўваючы ніткай наперадзе лялячкі.

Наш анёл-пацешка гатовы!

Аўтар Алена Юхно

+1
0
+1
0
+1
0
+1
1
+1
0