HomeЛИКБЕЗНавошта чытаць п’есы Шэкспіра?
ЛИКБЕЗМНЕНИЕ

Навошта чытаць п’есы Шэкспіра?

Уільям Шэкспір памёр больш за 400 гадоў таму. Але, нягледзячы на гэта, школьнікі і студэнты ўсё яшчэ павінны чытаць яго п’есы, а тым, каго не прымушаюць, звычайна нават сорамна прызнацца, што не чыталі. Сюжэты літаральна ўсіх яго п’ес запазычаны – з Бібліі, гісторыі, з жыццяў яго сучаснікаў.

Але ж яго творчасць усё яшчэ ўражвае чытачоў і наведнікаў тэатраў па ўсім свеце. Чаму?

Прычын насамрэч шмат. Першая і, напэўна, галоўная з іх у тым, што творчасць Шэкспіра прарасла карэннямі літаральна ва ўсю нашу культуру. Чытаць Шэкспіра зараз – гэта як гугліць сэнс новага незразумелага мема. Вось толькі мем знікне праз месяц – два, а пра Шэкспіра вы будзеце чуць усё жыццё. Па матывах яго п’ес будуць выходзіць фільмы, у СМІ будуць узнікаць спрэчкі наконт новых інтэрпрэтацый і сэнсаў, знойдзеных у іх. Адсылкі ці прамыя адаптацыі яго спадчыны пакажуць і ў гумарыстычных серыялах кшталту «Сімпсаны», і ў дзіцячых мультфільмах тыпу «Кароль Леў», і ў безлічы іншых твораў папулярнай культуры. І я не кажу нават пра тэатр і літаратуру, дзе гэтага яшчэ больш.

Рэч у тым, што большасць п’ес Шэкспіра адкрыты для часам цалкам розных інтэрпрэтацый. Такім чынам, сучасныя іх пастаноўкі дазваляюць прасачыць змены ў нашым грамадстве. Узяць тое ж «Утаймаванне свавольніцы», калі вы не супраць спойлераў да камедыі амаль паўтысячагадовай даўніны. У канцы твора галоўная гераіня, якая ўвесь твор супраціўлялася свайму «ўтаймаванню» і ледзь не за феміністку сябе выдавала, выступае з прамовай аб тым, як добрая жонка павінна служыць мужу. Пры гэтым ніякіх пазнак аб тым, наколькі шчыра яна гэта кажа і што робіць падчас прамовы, у тэксце Шэкспіра няма. Зыходзячы з гэтага, тэатры мінулых стагоддзяў ставілі гэту сцэну як шчырае раскаянне непаслухмянай жонкі. Сучасныя тэатры – як іранічную гульню шчырай феміністкі. А тэатры будучых гадоў паставяць зусім іншы варыянт. І ўсё ў межах шэкспіраўскага тэксту.

Насамрэч, у які б час гэты твор не чытаўся, для чытача ён выглядае сучасным. Варта адкінуць нейкі мінімум маркераў эпохі кшталту дуэляў і шляхетных строяў персанажаў, і прад табой ужо апісанне цалкам магчымай у сённяшнім свеце гісторыі, як, напрыклад, у п’есе «Рамэа і Джульета», ці крыху ўжо аддаленай, але цалкам зразумелай праз знаёмыя нам усім людскія ўзаемаадносіны, як у п’есе «Кароль Лір». Гэтыя творы не пра час, у якім былі напісаны, а пра вечныя рэчы, зразумелыя і сто гадоў таму, і зараз. Шэкспір, седзячы на адлегласці ў 400 гадоў, расказвае нам пра нашу псіхалогію, каханне, жаданні, славалюбства, зайздрасць і безліч іншых рэчаў, уласцівых літаральна любому чалавеку. І расказвае больш чым пераканаўча. А галоўнае – цікава і прыгожа.

А атрымліваецца ў яго гэта праз персанажаў. Адначасова і абсалютна тыповых і зразумелых кожнаму з нас, але настолькі цікавых індывідуальнасцяў, што нават тыя, хто ні разу ў рукі не браў тэкстаў Шэкспіра, чуў іх імёны і ведае асноўныя рысы характараў. Усе мы з лёгкасцю пранікаемся гэтымі героямі і з захапленнем сочым за іх гісторыямі. Бо ўсе ключавыя тэмы твораў Шэкспіра – любоў, гонар, здрада, зайздрасць, рэўнасць, страх, гонар, пажадлівасць, гора – цікавяць нас зараз не менш, чым першых гледачоў яго п’ес.

І пасля ўсіх гэтых разумных слоў можа здацца, што яго п’есы – нешта занадта разумнае і нуднае для нармальных людзей. Гэта, канешне, не так. Трэба помніць, што пісаліся яны не для купкі высакалобых інтэлектуалаў, а для звычайных нармальных людзей, якія хадзілі глядзець іх пад піва пасля працоўнага дня, каб расслабіцца і павесяліцца. І мова Шэкспіра, адпаведна, высокая і прыгожая, але часам не цураецца нават жартаў пра геніталіі ці чужых мам.

Шэкспіра сапраўды варта чытаць. Не толькі таму, што ён стары і важны, а і таму, што насамрэч цікавы. Пасля школы, дзе ён здаваўся нудным старажытным дзядзькам, цяжка гэта прызнаць, але Шэкспір цікавы. Ён можа правакаваць чытача, расказваць яму і пра дыскрымінацыю, і пра эканоміку з палітыкай, і пра свабоду волі з гендарнай ідэнтычнасцю і іншымі надзвычай важнымі для нас рэчамі. І рабіць гэта прыгожа, паэтычна. Але ўсё яшчэ проста, зразумела і надзвычай цікава.

Аўтар Арцём Лонскі, студэнт факультэта гуманітарыстыкі
і моўных камунікацый