Мара, якая стала рэальнасцю

Мара, якая стала рэальнасцю

Яшчэ з дзявятага класа я марыла стаць студэнткай ВДУ імя П.М. Машэрава, тады яшчэ філалагічнага факультэта. Я рэгулярна сачыла за жыццём універсітэта праз сацыяльныя сеткі. Бачыла, як тут весела і актыўна жывуць студэнты. І так хацелася хутчэй апынуцца сярод іх!

І вось пасля ўсіх уступных іспытаў я сказала сабе: “Я стала студэнткай факультэта гуманітарыстыкі і моўных камунікацый Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Пятра Міронавіча Машэрава”. Сказала і не паверыла ў свае словы.

Першага верасня … Я прачнулася не дома, а ў інтэрнаце, а побач са мной – не сям’я, а сяброўка. Я не паехала на аўтобусе ў школу, як заўсёды, а пайшла пешшу ва ўніверсітэт, дарогу да якога яшчэ трэба было знайсці. Убачыла сваю групу (з некаторымі ўжо была знаёма, у гэтым мне пашчасціла), і мы разам пачалі шукаць аўдыторыю. Затым было знаёмства з куратарам. Мы нават і не ведалі да гэтага часу, хто гэта такі – куратар.

А потым першая лекцыя, першыя мазалі ад ручкі, першы паход у буфет і пад’ем на шосты паверх па некалькі раз на дзень…

Хваляванне было, як, напэўна, у першым класе. Але калі пачаліся мерапрыемствы, якія спецыяльна для нас падрыхтавалі, каб мы як мага хутчэй пазнаёміліся з жыццём ва ўніверсітэце, мне стала спакайней. Я зразумела, што выбрала тое, што жадала. Што кожная бясонная ноч падчас падрыхтоўкі да ЦТ і ўступнага іспыту, кожная слязінка – усё было нездарма.

Больш за ўсё мне спадабалася “заліковая сэсія”. Мы лепш пазнаёміліся адзін з адным, спявалі ў караоке, былі ў абсерваторыі на сёмым паверсе, адказвалі на цікавыя пытанні ў музеі, здымалі Tik-Tok. Было вельмі цікава, і я бачыла, што мае аднагрупнікі таксама шчаслівыя ад таго, што ўсё гэта адбываецца з імі.

Наступнае, што мяне таксама ўразіла, гэта канцэрт КВЗ. Было вельмі весела, асабліва запомніліся каманды “Маямі”, “Не твая”. Увогуле пасля мерапрыемства ў мяне проста балеў жывот ад смеху, затое настрой быў цудоўны.

І вось ужо дзясятага верасня, дзень “Пасвячэння ў студэнты”. Цудоўны канцэрт, прыемныя словы ад рэктара ВДУ В.В. Багатыровай, з якіх больш за ўсё мне запомнілася пажаданне смачнага студэнцкага жыцця. Напэўна, уражанні ад гэтага мерапрыемства застануцца ў маёй памяці назаўсёды, бо было вельмі весела і цікава.

Прайшоў ужо месяц самастойнага жыцця, жыцця студэнта. Мазалі на пальцах ужо не так баляць, як адразу, на шосты паверх падымацца стала лягчэй, а размоў з выкладчыкамі і аднагрупнікамі стала куды больш, чым у першыя дні. Спадзяюся, што далей – болей! Больш цікавых лекцый ад выкладчыкаў, больш мерапрыемстваў ад студэнтаў, больш бяссоных начэй, але і як мага больш шчаслівых момантаў цікавага студэнцкага жыцця ў ВДУ імя П.М. Машэрава!

Аўтар Анастасія Касцюкевіч, студэнтка факультэта
гуманітарыстыкі і моўных камунікацый 

+1
1
+1
0
+1
0
+1
0
+1
0