«Фаўст» — адзін з выключных твораў Гётэ. Чаму?

«Фаўст» — адзін з выключных твораў Гётэ. Чаму?

Прынята лічыць, што «Фаўст» Ёгана Вольфганга фон Гётэ з’яўляецца адным з шэдэўраў сусветнай літаратуры і стаіць у адным шэрагу з «Іліядай» і «Адысеяй» Гамэра, «Боскай камедыяй» Дантэ і іншымі вялікімі творамі, якія на першы погляд здаюцца непраходна нуднымі.

I калі з гамэравай спадчынай яшчэ зразумела, што гэта, бадай, адзіны спосаб з галавой пагрузіцца ў культуру Старажытнай Грэцыі, не спатыкаючыся аб часам цяжкую для разумення філасофію, а «Боская камедыя» цікавая як мінімум сваім адлюстраваннем замагільнага жыцця, то, навошта чытаць «Фаўста», так адразу і не скажаш. Але я паспрабую.

Па-першае, на жаль ці на шчасце, гэта частка сусветнай культуры. Не ведаць легенду аб Фаўсце проста сорамна. Вядома, аб ёй можна даведацца і з рамана Томаса Мана (таксама надзвычай нуднага з першага погляду і надзвычай цікавага з другога), і проста з артыкула на вікіпедыі, але ў такім выпадку не атрымаецца пахваліцца прачытаннем такой вялікай і шэдэўральнай кнігі, як «Фаўст» Гётэ.

Ды і як бы банальна не прагучала, твор цікавы. Вядома, сюжэт пра чалавека, які прадаў душу д’яблу, ужо ўсім нам вядомы і, здаецца, здзівіць ужо нічым не можа: вось наіўны смяротны, вось пачвара з таго свету, што спакушае яго прадаць сваю душу, і вось павучальная канцоўка пра тое, што звязвацца з сіламі зла – дрэнна. Але Гётэ закручвае ўсё намнога больш. Чаго толькі варты пачатак, дзе галоўны герой, расчараваўшыся ў жыцці, трымае ў руках пасудзіну з атрутай і рыхтуецца скончыць жыццё.

Ну і відавочная для такой гісторыі тэма барацьбы нябёсаў з пеклам, у якой Гётэ выкарыстоўвае ўсе магчымыя штампы і ледзьве не з постмадэрнісцкай іроніяй іх абрынае.

А далей – каханне. Да слепаты рамантычнае ці да вар’яцтва аб’юзіўнае, тут як паглядзець. І зноў жа ўсё праз нетыповы вобраз Фаўста. Ён не проста маладзён, якога спакусіў д’ябал. Ён стары, расчараваны ў жыцці чалавек, які дабравольна і абачліва прымае прапанову д’ябла. І каханне для яго не столькі шчырая душэўная патрэба, колькі незавершаны гештальт маладосці, які герой спрабуе закрыць з першай дзяўчынай, якая яму спадабалася, не зважаючы на тое, што руйнуе ёй жыццё. Але, нягледзячы на гэта, гісторыя іх кахання ўвайшла ў аналы сусветнай літаратуры і заняла калі не такое ж па значнасці месца, як гісторыя Рамэа і

Джульеты, то як мінімум даволі блізкае. Той жа Булгакаў з яго Майстрам і Маргарытай адсылаецца менавіта на іх.

Але гэта ўсё толькі першая частка. З другой усё крыху складаней. Аўтар пісаў яе праз шмат гадоў пасля публікацыі першай, заўважаецца, што яна зусім іншая. Гэта такая месцамі цяжкая для ўспрымання антычна-міфалагічная вакханалія. Затое вельмі прыгожая. І амаль наркатычныя па сваім дзеянні, калі пастарацца ўдумацца ў тэкст. Хаця нават без удумлівага чытання яна цікавая як мінімум дыялогамі Фаўста з Мефістофелем, іх палымянымі спрэчкамі, сутыкненнем іх характараў. Нават калі з другой часткі вы не зразумееце амаль нічога, акрамя канцоўкі, яе варта чытаць хаця б дзеля персанажаў.

Або глядзець, бо Фаўст – гэта трагедыя. Вядома, без скарачэнняў яе ставіць асмельваліся толькі пару раз, напрыклад на Expo 2000 у Гановеры, калі пастаноўка разам з перапынкамі доўжылася 21 гадзіну (!), але розных скарочаных кінаадаптацый твора існуе больш за дзясятак. А спасылак на твор Гётэ ў іншых фільмах і серыялах дык наогул не злічыць: ёсць яны і ў Паўднёвым парку, і ў некаторых фільмах кінасусвету Марвел, і нават у анімэ кшталту «Дзяўчынка-чараўніца Мадока Магіка».

Але зразумець гэтыя адсылкі без чытання арыгінала цяжка. Тым больш, што яно варта таго. «Фаўст» Гётэ – твор сапраўды выключны. І выключаць яго са сваіх планаў на чытанне было б злачынствам у адносінах як да самога сябе, так і да сусветнай літаратуры.

 

Аўтар Арцём Лонскі, студэнт факультэта
гуманітарыстыкі і моўных камунікацый

Фота з інтэрнэт-крыніц

 

+1
0
+1
0
+1
0
+1
1
+1
0