У чаканні цуду

У чаканні цуду

Зімой адзначаецца самае чароўнае і казачнае свята – Новы год. Гэта час падарункаў, выканання жаданняў і сапраўднай весялосці. Час, калі прырода апранае святочную белую сукенку, а гарады – уборы з гірляндаў. Час, калі кожны, і малы, і дарослы чакае цуду. За шматвяковую гісторыю гэтае свята набыло свае сімвалы і традыцыі. З большага для ўсіх яны аднолькавыя: зялёная прыгажуня – елка, бенгальскія агні, яркае канфеці, паперка з запаветным жаданнем у куфлі шампанскага, пах мандарынаў і салата «Аліўе» на стале.

Цікава, а як сустракаюць гэтае свята студэнты і супрацоўнікі нашага ўніверсітэта?

Аляксандра Калкова, студэнтка 2 курса факультэта матэматыкi і iнфармацыйных тэхналогій:

Новы год – гэта цёплае, сямейнае свята. Свята ўтульнасці і гармоніі, прадчування чагосьці добрага і чароўнага.
Мы адзначаем яго ўсёй сям’ёй, па традыцыі складваем падрыхтаваныя загаддзя падарункі ў адну вялікую скрыню, у навагоднюю ноч адкрываем яе і віншуем адзін аднаго.

 

Галіна Кітаёва, студэнтка 1 курса факультэта гуманітарыстыкі і моўных камунікацый:

Новы год для мяне – свята сям’і і сяброў. Вось і ў гэтым годзе я планую паехаць дадому і сустрэць наступленне новага года разам з татам.
Па традыцыі мы ўпрыгожым елку і хату ў цэлым, прыгатуем святочную вячэру.
А потым можна і з сябрамі ўбачыцца.

 

Анастасія Шабусава, студэнтка 3 курса юрыдычнага факультэта:

Новы год – гэта мажлівасць у любым узросце адчуць сябе дзіцём. Калі пачынаючы з раніцы ты жывеш прадчуваннем чагосьці святочнага і чароўнага, чакаеш апоўначы, каб раздзяліць гэтыя казачныя імгненні са сваімі блізкімі і дарагімі людзьмі.
Што я абавязкова раблю ў навагоднюю ноч – загадваю жаданне і веру, што яно на працягу года збудзецца.

 

Вікторыя Войкіна, студэнтка 1 курса факультэта хіміка-біялагічных і геаграфічных навук:

Новы год для мяне – гэта чараўніцтва, гульні ў снежкі, санкі, зімовыя забаўкі і ў цэлым проста класная пара. Я веру ў Дзеда Мароза, хоць мне ўжо і ёсць 18 гадоў, бо ў паўсядзенным жыцці так не хапае цуду!
31 снежня я звычайна дапамагаю маці гатаваць святочную вячэру, а апоўначы мы збіраемся ўсёй сям’ёй за адным сталом, каб павіншаваць адзін аднаго з Новым годам.

Аляксандр Кашалапаў, студэнт 2 курса факультэта матэматыкi і iнфармацыйных тэхналогій:

Новы год для мяне – сямейнае свята. Пакуль не было ніводнага разу, каб я адзначыў яго без сваіх родных. Па традыцыі мы сустракаем Новы год за святочным сталом, а затым бяром з сабой сабаку, якому сумна на ланцугу, і ідзем на вуліцу. Калі дазваляе надвор’е, гуляем у снежкі, калі не – віншуем аднавяскоўцаў, якія сустракаюцца на нашым шляху, і запускаем фейерверкі.

 

Марыя Гаралевіч, студэнтка 1 курса факультэта сацыяльнай педагогікі і псіхалогіі:

Вось і набліжаецца той чароўны момант, калі ў кожнага ў душы пануе святочны настрой, а сэрца напаўняецца надзеяй. Новы год – доўгачаканае свята, якое я адзначаю з асаблівым захапленнем і радасцю. Падрыхтоўка да яго пачынаецца загаддзя. Мы ўсёй сям’ёй упрыгожваем дом, рыхтуем стол, багаты на розныя стравы і прысмакі. Расказваем адзін аднаму цікавосткі, дзелімся ўражаннямі, глядзім навагоднія перадачы па тэлевізары і гуляем у займальныя гульні.
Безумоўна, самае галоўнае для мяне ў гэты дзень – зносіны з блізкімі і дарагімі людзьмі. Гэта вельмі важна мець побач тых, хто клапоціцца пра цябе і любіць нягледзячы ні на што.

 

Анастасія Бераснева, намеснік дэкана па выхаваўчай рабоце факультэта гуманітарыстыкі і моўных камунікацый:

Новы год лічыцца выключна сямейным святам, таму мы сустракаем яго вялікай сям’ёй. Заўсёды гатуем шмат усялякіх прысмакаў. Абавязкова на стале мамін торт «Напалеон». Смачны-смачны. Такі не знойдзеш ні ў адной кавярні ці пякарні.
Безумоўна, мы заўсёды рыхтуем падарункі, а навагодняя ноч ніколі не праходзіць сумна. Мы распрацоўваем праграму з разнастайнымі конкурсамі, спектаклямі, латарэямі, цікавосткамі. У гэтым удзельнічаюць і дзеці, і дарослыя.
Як правіла, Новы год адзначаем за горадам, таму, калі дазваляе надвор’е, то 1 студзеня ў нас – дзень снежных забаў. Мы гуляем па лесе, катаемся на лыжах і на санках, лепім снегавікоў.
Падагульняючы маіх суразмоўцаў, хачу адзначыць, што ў маёй сям’і ўсе таксама вельмі чакаюць гэты чароўны час. Мы можам сустрэць Новы год дома толькі сваёй сям’ёй ці разам адправіцца ў падарожжа, пайсці ў госці ці шумнай кампаніяй сабрацца ў нас дома. Адно нязменна: раніцай мы абавязкова шукаем пад елкай падарункі.

Шчыра віншую ўсіх з надыходзячым Новым годам!
Жадаю, каб усё, што вы задумаеце пад бой курантаў, абавязкова спраўдзілася!

Аўтар Валерыя Шчарбакова, студэнтка 1 курса
факультэта гуман
ітарыстыкі і моўных камунікацый

Фотаматэрыялы з адкрытых інтэрнэт-крыніц

+1
12
+1
0
+1
0
+1
1
+1
0