Першыя імгненні студэнцкага жыцця

Першыя імгненні студэнцкага жыцця

Прайшоў ужо месяц з той пары, як я стала студэнткай Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава. Гэтыя дні – адны з самых шчаслівых у маім жыцці. Я спадзяюся, надалей будзе яшчэ лепш. А пакуль што хачу прыгадаць некалькі самых яркіх момантаў гэтага верасня.

Першага верасня (аўторак):

Мой салодкі сон перапыняе будзільнік. Я прачынаюся ў пакоі не са сваёй малодшай сястрой, а з сяброўкай. Гэта – пачатак майго новага самастойнага жыцця, і галоўнае гэтай раніцай – не паснедаць, а прывесці свой знешні выгляд у парадак. Дарэчы, мы паспелі і адно, і другое.

Затым пачалося самае цікавае – пошукі дарогі ва ўніверсітэт, які яшчэ чатыры гады будзе маім родным домам (пасля бацькоўскага дома і інтэрната, канечне). Задача была няпростай, але нам з сяброўкай пашанцавала: у гэты ж час у ВДУ ішла наша аднагрупніца, якая ўжо ведала маршрут. Цудоўны пачатак дня – пакуль усё паспяваем!

Ва ўніверсітэце нас чакала навіна – цяпер мы студэнты не філалагічнага факультэта, як думалі, калі падавалі дакументы, а ФГіМКа (факультэта гуманітарыстыкі і моўных камунікацый). А самае цікавае – нас, відаць, вельмі любіць адміністрацыя, таму што вучыцца нам прыйдзецца ажно на шостым паверсе!

Запомнілася мне і першая пара, якую вёў наш куратар В.Ф. Падстаўленка. Дарэчы, мы ўжо ведалі гэтага выкладчыка, бо ён прымаў у нас уступны экзамен па беларускай літаратуры.

Чацвёртага верасня (пятніца):

У чацверг увечары, дамовіўшыся з сяброўкай паставіць свае будзільнікі на 5:30 раніцы, мы спакойна ляглі спаць. Але на досвітку так не хацелася уставаць, што вырашылі падрамаць яшчэ паўгадзіны. У выніку прачнуліся толькі ў 7.30! Ух, як мы лёталі па пакоі, але ж на першую пару не спазніліся. Вось яно – студэнцкае жыццё!

Дзясятага верасня (чацверг):

Скончыўся тыдзень першакурсніка. Усіх нас сабралі ў актавай зале ВДУ, каб павіншаваць з тым, што мы сталі студэнтамі.

Я слухала рэктара, прафесара В.В. Багатырову і думала, што нездарма сядзела гадзінамі за падручнікамі, завучвала правілы і рыхтавалася да вуснага экзамена. Затое зараз я – студэнтка.

Таму хачу параіць: калі вы хочаце чагосьці дабіцца, ніколі нельга апускаць рукі. У кожным чалавеку закладзена сіла, якая дапамагае атрымаць тое, пра што марыш.

Аўтар Ірына Драба,
студэнтка факультэта гуманітарыстыкі і моўных камунікацый

+1
0
+1
0
+1
0
+1
1
+1
0