Чытанне на беларускай

Чытанне на беларускай

Пісьменнікі ўвесь час нагадваюць нам сваёй творчасцю і прамымі выказваннямі, што трэба вельмі беражліва ставіцца да галоўнага багацця кожнага народа – яго мовы. Літаратура – адна з крыніц гэтага чалавечага скарба. Але каб чытанне было прыемным, трэба падабраць нешта цікавае, тое, што будзе звязана з інтарэсамі самога чытача. Пра гэта мы пагаварылі з Навасельцавай Ганнай Віктараўнай, кандыдатам філалагічных навук, дацэнтам, дацэнтам кафедры літаратуры.

Ганна Навасельцава, дацэнт кафедры літаратуры факультэта гуманітарыстыкі і моўных камунікацый:

–Вельмі рэкамендую для прачытання сучасную прозу і, у прыватнасці, раманы. Палохацца гэтага жанру зусім няварта. Беларускі раман сёння, як і сусветная літаратурная, адаптуецца да чытацкай аўдыторыі. Маю на ўвазе, што становіцца ўсё больш займальным, захапляльным і невялікім па памеры. Выбар жа таго ці іншага аўтара, твора абумоўлены колам вашых інтарэсаў.

Калі вам падабаецца антычная міфалогія ці міфалогія наогул, то раю прачытаць раман-бурлеск Пятра Васючэнкі «Дванаццаць подзвігаў Геракла».

Твор для падлеткавай аўдыторыі, але аўтарская інтэрпрэтацыя адметных учынкаў знакамітага грэчаскага героя зацікавіць і дарослых. Пісьменнік атмасферна ўзнавіў старажытнасць, шматгранна ўвасобіў і самога Геракла, і другарадных персанажаў. Калі вам цікава, як успрымалі антычныя героі свой лёс, ці спрачаліся з воляй багоў (а багам яны даводзілся сваякамі), то гэты твор не пакіне вас абыякавымі.

Ведаю, што многім студэнтам падабаецца авантурна-прыгодніцкая проза. Людміла Рублеўская стварыла цэлую раманную серыю, прысвечаную Пранцішу Вырвічу, які шмат у чым нагадвае знакамітага д’Артаньяна.

Калі ласка, у такім разе ваша займальнае чытанне – «Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега», «Авантуры студыёзуса Вырвіча», «Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча», «Авантуры Пранціша Вырвіча, здрадніка і канфедэрата», «Авантуры Вырвіча з банды Чорнага Доктара». Дзеянне адбываецца на гістарычным фоне, прадстаўлены і некаторыя рэальныя асобы, але гэта не гістарычная проза, невыпадкова ў аўтарскім вызначэнні жанру ўказваецца, што гэта раманы прыгодніцкія і фантасмагарычныя.

Дарэчы, калі вам падабаецца гісторыя, то рэкамендую адносна малавядомы твор пісьменніка, які з’яўляецца прызнаным майстрам прозы пра айчыннае мінулае. Спадчына Леаніда Дайнекі вядомая шырокай чытацкай аўдыторыі, а яго раман «Назаві сына Канстанцінам» выяўляе дынаміку творчай манеры аўтара.

Пісьменнік стварыў сваю версію мінулага, дзе спалучаны ў адно цэлае падзеі з беларускай і візантыйскай гісторыі і нават мажліва падарожжа праз час…

І, нарэшце, як кажуць, стары добры дэтэктыў. Калі вы аматар інтэлектуальнага чытання, любіце сачыць за інтрыгай і весці ўяўнае расследаванне, то рэкамендую дэтэктыўны раман Андрэя Федарэнкі «Жэтон на метро».

У творы ставяцца і сур’ёзныя праблемы пра сучаснага мастака слова, яго ролю ў літаратурным працэсе.

Чытайце з асалодай!

Аўтар Віта Кірылава, студэнтка факультэта
гуманітарыстыкі і моўных камунікацый 

 

+1
1
+1
0
+1
0
+1
1
+1
0