2020 год у нашай краіне зноў абвешчаны Годам малой радзімы. Для адных — гэта родны горад, вуліца ў горадзе або невялікі дворык, вёска, дзе прайшлі лепшыя дзіцячыя гады, для іншых — кавалачак дзікай прыроды, які цешыў вока і дарыў пачуццё напоўненасці і спакою.
Асабліва ў гэтым годзе, чаму б нам усім не паклапаціцца аб нашай малой радзіме, зрабіць яе чысцей? Напэўна не існуе чалавека, які б не ведаў і не чуў пра экалагічныя праблемы. Ледавікі таюць, акіян забруджаны, руйнуецца азонавы пласт… На жаль, з кожным годам павялічваецца колькасць адходаў, з’яўляецца ўсё больш бытавых палігонаў велізарнай плошчы. А на гэтых месцах маглі быць жылыя дамы або новыя паркі. Нам здаецца, што гэта глабальныя праблемы і адзін чалавек нічога не зможа змяніць, але трэба толькі паспрабаваць.
Пачаць трэба з сябе, бо, менавіта, твой асабісты вопыт можа паўплываць на твайго сябра, яго добрыя справы на іншых, і так далей па ланцужку.
Што можа зрабіць кожны чалавек, каб падоўжыць жыццё планеце:
1.Смецце
На самой справе гэта вельмі проста: паспрабуйце спачатку падзяляць паперу, арганічныя прадукты і пластык. Асаблівай увагі патрабуе пластык, бо ён не ўвесь пераапрацоўваецца, і трэба ўважліва чытаць, што напісана на упакоўцы.
2.Пакет
Мы настолькі да яго прывыклі, што нават не заўважаем яго існаванне, аж да захоўвання пакетаў у іншым пакеце. Многія скажуць, што пластык пераапрацоўваецца, але колькі з нас яго здаюць ў пераапрацоўку? З цягам часу ён будзе раскладацца на мікра-пластык, які будзе ў глебе і пазней патрапіць да нас на стол у «абліччы» садавіны і гародніны.
Зараз ёсць выдатная альтэрнатыва пакетам: шоперы, якія выглядаюць даволі стыльна. Іх можна выкарыстоўваць як альтэрнатыву сумцы/ заплечніку. Таксама я ўспомніла пра бясплатныя пакеты ў крамах, у якія я звычайна набірала садавіну ці гародніну. Зусім нядаўна ў мяне з’явіліся «фруктовики», у якія я купляю сезонную садавіну (у іх менш за ўсё нітратаў). Скажу па асабістаму вопыту: у мяне яшчэ не было праблем з прадаўцамі, калі я папрасіла пакласці тавар у свой пакет.
3.Папяровыя шкляначкі для кавы/гарбаты
Я — аматар «кавы з сабой» і пастаянны наведвальнік кавярні, дзе робяць напоі ў аднаразовым посудзе. Але не хадзіць туды мне складана, а вось купіць бамбукавую шклянку і браць яе з сабой — ніколькі. Праўда ў тым, што папяровыя шклянкі зусім не папяровыя. Яны складаюцца з пластыка і паперы, якія немагчыма аддзяліць адзін ад аднаго. Таму варта або хадзіць у месцы, дзе гатуюць напоі ў керамічным посудзе, або насіць з сабой шклянку/тэрмас/тэрмакружку, тое, з чаго найбольш прыемна піць.
4.Пластыкавыя трубачкі
Колькі разоў я натыкалася на карцінкі нашага акіяна і яго насельнікаў, якія «затрымаліся» ў пластыку. Ніколі не забуду, як убачыла чарапаху, у якой у носе былі пластыкавыя трубачкі. Жудаснае відовішча. Пластыкавыя трубачкі — гэта тое, ад чаго прасцей за ўсё адмовіцца. Металічныя трубачкі — гэта першае, што з’явілася ў маёй калекцыі Zero Waste.
Zero waste — гэта пра ўсвядомленае спажыванне, пра клопат аб нашай планеце, аб нашай будучыні. Філасофія Zero waste вучыць нас не купляць лішняе, нават калі гэта і эка-прадукт. Я стараюся ніколі не забываць шматразовыя пакеты, калі выходжу з дому. Мы ж змаглі прывыкнуць выключаць святло і браць з сабой грошы.
Zero waste — гэта правіла 5R:
-
- REFUSE адмоўся
- REDUCE паменьшы спажыванне
- REUSE + REPAIR выкарыстоўвай паўторна + рамантуй
- RECYCLE пераапрацоўвай
- ROT кампасціруй
Але важна памятаць: “кудысьці” не існуе. Усе выкінутыя намі рэчы не паляцяць у космас, на іншую планету або іншы сусвет. Яны застануцца на нашай планец і будуцб забруджваць і атручваць яе, займаць плошчы, на якіх маглі быць лясы і джунглі, урадлівая глеба і дамы для жывёл.
ТАМ, ДЗЕ ЧЫСТАЕ МЕСЦА — ЧЫСТЫЯ ДУМКІ!
Настасся Барынава,
студэнтка філалагічнага факультэта