Медыяцэнтр прэзентуе: серыя кароткаметражных фільмаў-вершаў “Мова гучыць”

Медыяцэнтр прэзентуе: серыя кароткаметражных фільмаў-вершаў “Мова гучыць”

Да Дня роднай мовы ТВУ прэзентавала серыю кароткаметражных фільмаў-вершаў “Мова гучыць”. Мова гучыць – гэта праект, накіраваны на тое, каб адлюстраваць факт, што беларуская мова засталася не толькі на старонках падручнікаў або ў радках несмяротных пісьменнікаў і паэтаў Коласа, Купалы ці Караткевіча, а гучыць сёння з вуснаў моладзі і студэнцтва. Мы адабралі 5 вершаў з сучаснай беларускай паэзіі і прачыталі іх, на наш погляд, у атмасферных і культурных месцах нашага горада, абвяшчаючы, што беларуская мова з’яўляецца не тэмай размовы, а сродкам суразмоўніцтва.

Карына Волкава, удзельнік праекта:

«Мне пашчасціла паўдзельнічаць у праекце “Мова гучыць”. Я заўсёды прылічвала сябе да прыхільнікаў беларускага слова. І сёння мне здаецца вельмі важным падтрымаць развіццё беларускай сучаснай паэзіі і распаўсюджанне мовы менавіта сярод моладзі. Мова гучыць пакуль мы размаўляем, чытаем, пішам і захапляемся ёю.

Я адразу згадзілася ўдзельнічаць, бо ідэя праекта мне вельмі імпануе. Я ведаю, што нас, аматараў, якія пішуць вершы на мове недзе ў нататніках ці вордаўскіх дакументах проста для сябе, калі ёсць натхненне, сёння вялікае мноства. Але, на жаль, гэтыя творчыя спробы, паводле нашай сціпласці, застаюцца невядомымі. Таму мне было вельмі прыемна прачытаць верш, які мы стварылi разам с Вольгай Ханіс. Мне прапанавалі расказаць, што я думаю пра ўсё гэта – і я расказала.

Калі гаварыць пра складаныя моманты, то я магла б назваць запіс аўдыа. Так склалася, што мы запісвалі яго асобна ад відэа. Я заўсёды ведала, што гэта праблемна, але ніколі не спрабавала сама. Цяпер я маю такі досвед. Было нялёгка трапіць у свае ўласныя вусны, захоўваючы пры гэтым інтанацыю і агульны настрой верша. Але, я лічу, мы ўсё файна зрабілі:)

Спачатку выразнае чытанне верша таксама падалося трошкі складаным, бо я магу пісаць вершы, але чытаць іх зусім не ўмею. Тут вялікі дзякуй Оле, бо мы працавалі над кожным радком, пакуль не атрымалі тое, што нас абедзвюх задаволіла.»

Аўтар ідэі, рэжысёр, мантаж: Вольга Ханіс

Відэааператары: Канстанцін Ханіс, Аляксандар Гергаеў

Графіка: Андрэй Краўчанка

Вершы чытаюць студэнты ВДУ імя П.М. Машэрава: Карына Волкава, Уладзіслаў Улаховіч, Наталля Тарарышкіна, Ігар Туркоў, Настасся Кісялёва

 

Асаблівая падзяка ў дапамозе арганізацыі і правядзенні здымачнага працэсу:

Дэкану філалагічнага факультэта ВДУ, прафесару Сяргею Нікалаенка, дацэнту кафедры беларускага мовазнаўства ВДУ Юрыю Бабічу, Культурна-спартыўнаму цэнтру Віцебскага аддзялення Беларускай Чыгункі ў асобе рэжысёра Надзеі Шпрынц, Нацыянальнаму акадэмічнаму драматычнаму тэатру імя Якуба Коласа ў асобе загадчыка літаратурна-драматычнай часткі Алеся Замкоўскага, рэдактару газеты “Мы і час” Настассі Лазебнай, мастацка-графічнаму факультэту ВДУ.

Прыемнага прагляду!

+1
0
+1
0
+1
0
+1
0
+1
0