Жыць – Радзіме служыць

Жыць – Радзіме служыць

Гісторыя свята мужнасці, гонару, доблесці – Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл – бярэ пачатак ад 1918 года. Калі раней у гэты дзень было прынята віншаваць толькі тых, хто прафесійна звязаў свой лёс са службай у войску, то сёння 23 лютага лічыцца святам усіх мужчын незалежна ад таго, неслі яны службу ў арміі ці не. Цікава, а як студэнты, выкладчыкі і супрацоўнікі нашага ўніверсітэта ставяцца да гэтага? Што для іх значыць аддаць абавязак Радзіме?

Уладзімір Сцепанчук, начальнік ваеннай кафедры, палкоўнік:

– Я абраў прафесію ваеннага, таму што марыў пра яе з дзяцінства. Гэта было, напэўна, адно з самых моцных маіх жаданняў.
Я лічу, што кожны грамадзянін краіны павінен вучыцца і рабіць. Вучыцца важна для таго, каб потым добра і якасна выконваць свае прафесійныя абавязкі. Валодаць ваеннай справай таксама неабходна, бо, на жаль, нават у цяперашні час у свеце не ўсе праблемы вырашаюцца мірным шляхам. І важна, каб насельніцтва краіны магло і ўмела пры неабходнасці абараніць сябе, сваіх блізкіх і сваю Радзіму.

На маю думку, нейкімі элементарнымі навыкамі і ведамі павінны валодаць і юнакі, і дзяўчыны. Гэта не так складана, як падаецца на першы погляд. Дарэчы, несці службу ў арміі могуць як прадстаўнікі мужчынскага полу, так і жаночага, безумоўна, улічваючы асаблівасці ваенных прафесій. А для кожнага мужчыны гэта яшчэ і неабходна.  

Мікалай Трафімаў, студэнт 1 курса факультэта гуманітарыстыкі і моўных камунікацый:

– Да службы ў арміі я стаўлюся станоўча. Лічу, што армія – неабходны элемент абароны краіны і гарант яе незалежнасці, гэта прафесіяналы, якія навучаліся таму, каб абараняць суверэнітэт сваёй дзяржавы і пры неабходнасці аддаць жыццё за свой народ.

Аддаць абавязак Радзіме – гэта… Святое. На маю думку, салдат (усё роўна жанчына ці мужчына) – гэта чалавек, які мае самую вялікую любоў да чалавека як жывой істоты; яго задача – абараняць сваю зямлю ад ворагаў, якія паквапіліся на чалавечае жыццё, тых, хто спрабуе разбурыць твой дом, побыт, забіць тваю сям’ю, сваякоў. Таму, калі над краінай і народам навісла пагроза знікнення, задача кожнага, хто лічыць сябе патрыётам і любіць свой народ, узяць у рукі зброю і абараняць Радзіму ад нападу знішчальнікаў.

Уладзімір Трушчанка, дацэнт кафедры фізічнага выхавання і спорту:

– Лічу, што армія – гэта аснова дзяржавы і яе бяспека. Сам я адслужыў у войску, і сярод маіх знаёмых нават і не ўзгадаю тых, хто не служыў. Бо армія выхоўвае.
Аддаць абавязак Радзіме – быць здольным абараніць яе ў любым выпадку.  Як я магу, нарадзіўшыся тут, не пастаяць за сваю краіну і людзей? Тут мая сям’я, мае бацькі… Абарона Бацькаўшчыны перад усім.

Аляксей Трубін, старшыня прафкама студэнтаў:

– Кожны мужчына, які не мае абмежаванняў па здароўі, мусіць абавязкова прайсці ваенную службу. Некаторыя лічаць, што гэта дарэмна страчаны час. Тут я магу з імі паспрачацца. Напрыклад, я пайшоў у войска пасля заканчэння ўніверсітэта, і падчас службы набыў шмат сяброў, з якімі мы і сёння падтрымліваем зносіны, збіраемся разам, дапамагаем адзін аднаму ў розных жыццёвых сітуацыях…
Ты можаш згубіць год у арміі, толькі калі сам захочаш гэта зрабіць. А калі захочаш атрымаць там веды, то атрымаеш. Мы не ведаем, што нам спатрэбіцца ў гэтым жыцці. А пасля службы ў арміі ў цябе з’явіцца шмат ўменняў.

Абавязак Радзіме – абагульненае паняцце. У цябе няма абавязку перад Радзімай, як і няма абавязку перад маці, бацькам. Мужчына ідзе служыць не таму, што павінен, а таму, што шчыра любіць сваю Радзіму.

Ілля Кудраўцаў, студэнт 3 курса факультэта матэматыкі і інфармацыйных тэхналогій:

– Пры паступленні ў ВДУ імя П.М. Машэрава я ўжо ведаў, што буду падаваць дакументы на ваенную кафедру. На маю думку, кожны мужчына, які сябе сапраўды паважае, павінен умець пастаяць за Айчыну ў любы момант. На ваеннай кафедры мы вывучаем зброю, тэхніку, якую можна будзе выкарыстаць у патрэбны момант. Спадзяюся, што пасля яе заканчэння я стану камандзірам мотастралковага падраздзялення.
Лічу, што кожны мужчына павінен быць верным сваёй Радзіме. Мы нарадзіліся на гэтай зямлі, і акрамя нас яе ніхто не абароніць.

Цудоўна, што многія прадстаўнікі мужчынскай паловы нашага грамадства станоўча ставяцца да  вайсковай службы і гатовы абараняць сваю зямлю і блізкіх. Веру, што наша жыццё і наша будучыня ў надзейных руках!  Са святам, дарагія сапраўдныя мужчыны!

Аўтар Анастасія Шчаглова, студэнтка факультэта
гуманітарыстыкі і моўных камунікацый

 

+1
7
+1
4
+1
1
+1
2
+1
4