Як часта нам даводзіцца выступаць перад іншымі? Можа, гэта велізарная аўдыторыя ці проста група вашых сяброў або калег. У некаторых людзей пры такой асаблівай увазе з боку іншых узнікаюць не самыя прыемныя пачуцці: далоні пацеюць, пульс пачашчаецца, а думкі, яшчэ горш, кудысьці знікаюць.
І яны, цудоўна арыентуючыся ў тэме, не могуць выказаць сваю думку правільна. Дык што ж рабіць у такіх выпадках?
Напачатку трэба высветліць, чаму мы адчуваем страх перад публікай. Справа ў тым, што часта неабходнае і пажаданае не супадаюць з нашымі рэальнымі магчымасцямі. Пры гэтым нам важна, як адрэагуюць іншыя. Нярэдка таксама мы ўспрымаем сітуацыю як пагрозу таго, што ў нас нешта не атрымаецца, што мы скажам штосьці не тое ці ўвогуле нешта забудзем.
Але ж як адчуваць сябе ўпэўнена і ці можна пазбавіцца ад такой “хваробы” назаўжды? Каб высветліць гэта, я звярнулася да псіхолагаў нашага ўніверсітэта. Яны, у сваю чаргу, далі мне наступныя парады паспяховага публічнага выступлення.
1.Скласці план
Гэта сапраўды добры спосаб структураваць свае думкі. І нават калі ты раптам разгубіўся падчас свайго выступлення, успомніўшы план, ты зможаш лёгка працягнуць гутарку.
2.Трымацца ўпэўнена
Стань у той позе, якая для цябе больш зручная. Знайдзі або ўяві, што сярод тых, хто цябе слухае, ёсць твой знаёмы, і расказвай персанальна яму. Так ты дакладна не разгубішся.
3.Рухацца падчас выступлення
Усе вопытныя прамоўцы рухаюцца па так званаму «трохкутніку». Але старайся заўсёды знаходзіцца ў полі зроку ўсіх слухачоў.
4.Жэстыкуляваць
Тут ты зловіш адразу двух зайцоў: адначасова «ахопліваеш» жэстамі ўсю аўдыторыю, пры гэтым яшчэ і пазбаўляешся ад адрэналіну, які выклікае хваляванне і страх. Але не перастарайся.
5.Усміхайцца
Ісці па жыцці з усмешкай — выдатная парада. А падчас выступлення гэта выклікае прыхільнасць да цябе з боку аўдыторыі.
6.Па магчымасці быць артыстычным
Калі тваё выступленне манатоннае, відавочна, што праз 15 хвілін колькасць слухачоў скараціцца. Рабі паўзы, кажы то цішэй, то гучней, прыцягваючы гэтым увагу.
7.Выглядаць эфектна
Прыцягваць увагу трэба не толькі голасам, але і візуальна. Акуратны выгляд — гарант таго, што слухачы будуць звяртаць увагу не толькі на тваё адзенне і прычоску, але і на тваю прамову.
8.Глядзець на аўдыторыю
Калі аўдыторыя досыць вялікая, візуальна падзялі яе на квадраты і па чарзе глядзі на цэнтральныя — так усім будзе здавацца, што ты глядзіш на кожнага слухача.
Ці можна пазбавіцца назаўжды ад няўпэўненасці ў сабе падчас публічнага выступлення? Магчыма! Самае галоўнае для найлепшага выніку — гэта практыка. Больш абмяркоўвайце, размаўляйце з незнаёмымі людзьмі, імправізуйце.
Спадзяюся, што ўсе прапанаваныя парады дапамогуць вам стаць смялейшымі і, самае галоўнае, развіць у сабе ўпэўненасць.
Надзея Радзеўская