Факультэт гуманітарных ведаў і камунікацый – гэта не проста месца, дзе вывучаюць мову, літаратуру, гісторыю. Гэта прастора, дзе слова набывае сілу, думка – крылы, а душа – глыбіню. У гэтым годзе ён адзначае свой 50-гадовы юбілей – важная вяха, у якой спалучаюцца і адданасць традыцыям, і імкненне да новых гарызонтаў.
Гісторыя філалагічнага факультэта пачалася ў далёкім 1974 годзе. За гэтыя паўстагоддзя факультэт прайшоў вялікі шлях, стаўшы сапраўднай кузняй высакакласных спецыялістаў, знаўцаў слова. За паўстагоддзя змянілася не адно пакаленне студэнтаў, для якіх філалогія стала не проста прафесіяй, а справай усяго жыцця. Каб акунуцца ў атмасферу факультэта ў розныя перыяды яго існавання, я звярнулася да выкладчыкаў і выпускнікоў розных гадоў.
Ганна Аляксандраўна Гладкова, дацэнт кафедры беларускай і рускай філалогіі:
– Ганна Аляксандраўна, раскажыце, калі ласка, як праходзіла ваша вучоба на філфаку?
– Я паступіла вучыцца ў Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт ў 1995 годзе на факультэт беларускай філалогіі і гісторыі. Нас было дзве групы філалагічнага кірунку і дзве групы гісторыкаў. Усе мы вучыліся разам, наведвалі лекцыі. Тады не было інтэрнэта. І таму асноўная наша праца на лекцыях гэта, канешне, было вядзенне канспектаў, потым мы працавалі пасля заняткаў у бібліятэцы. Працоўны студэнцкі дзень наш заканчваўся ў 9 гадзін вечара, калі зачынялася бібліятэка імя Леніна. З вялікай удзячнасцю ўзгадваю сваіх настаўнікаў – Лідзію Іванаўну Злобін, Віктара Іванавіча Несцяровіча, Анатоля Мікалаевіча Канапельку. Гэта былі сапраўдныя прафесіяналы і людзі, якія апантана служылі навуцы, любілі беларускую мову, беларускую культуру і пра якіх на ўсё жыццё застаюцца найлепшыя ўспаміны ў іх студэнтаў.
Алена Сяргееўна Дзядова, дацэнт кафедры беларускай і рускай філалогіі:
– Алена Сяргееўна, раскажыце, калі ласка, які самы яркі ўспамін застаўся ў вас з часоў студэнцтва? І што бы вы маглі пажадаць факультэту?
– З часоў студэнцтва засталося шмат цёплых успамінаў, звязаных і з вучобай, і з сумесным адпачынкам з сябрамі-аднакурснікамі. Але, відаць, больш за ўсё запомніліся паездкі з групай «на будьбу». Кожную восень нас, студэнтаў, адпраўлялі на дапамогу ў калгасы, як правіла, у Талачынскі раён, дапамагаць у нарыхтоўцы бульбы.
Менавіта там, у вёсцы, жывучы ўсе разам далёка не ў самых камфортных умовах цэлы верасень (а то і больш), мы пазнаёміліся, пасябравалі. Разам жылі, працавалі, хадзілі па суботах на дыскатэкі ў вясковы клуб. Вучыліся, як кажуць, студэнцкаму брацтву -– узаемнай выручцы і дапамозе. Роднаму факультэту я жадаю цікавага жыцця, разумных і крэатыўных студэнтаў, зялёнага святла заўсёды і ўсюды.
Вера Уладзіміраўна Марціновіч, настаўнік беларускай мовы і літаратуры, скончыла ВДПI імя С.М. Кiрава ў 1988 годзе:
– Які самы яркі ўспамін застаўся ў вас з часоў студэнцтва?
– Сама вучоба – ужо яркі ўспамін. Запомніліся лекцыі і заняткі нашага куратара Анатоля Мікалаевіча Канапелькі, які сам любіў беларускую літаратуру і прывіў гэту любоў нам. Пісаў вершы. Яго ўжо няма. Цудоўны быў чалавек. А таксама запомніліся дні, праведзеныя ў калгасе. Кожны год у верасні (цэлы месяц, а то і болей) працавалі. Гэты час вельмі сплаціў нас. Інстытут падарыў мне і сапраўднае сяброўства, якое працягваецца ўжо 40 гадоў.
На фота злева – першыя выкладчыкі філалагічнага факультэта. На фота справа – выпускнікі ВДПI імя С.М. Кiрава
Сяргей Уладзіміравіч Нікалаенка, дэкан факультэта гуманітарных ведаў і камунікацый:
– Якія выкладчыцкія ўспаміны засталіся ў вас з моманту, калі вы пачалі працаваць на філфаку?
– Я называю сваю вучобу ва ўніверсітэце «залатым векам філфака». Калі я прыйшоў выкладчыкам, на мой погляд, гэты «залаты век» ужо згасаў, бо прыйшлі ўжо новыя студэнты: з іншай матывацыяй, з іншым жаданнем глыбока пагружацца ў лінгвістычныя, літаратуразнаўчыя праблемы, з жаданнем зрабіць сваё студэнцкае жыццё яркім і непаўторным. Свой прыход на факультэт у якасці выкладчыка я назваў бы «зломам эпох». Я і да гэтага часу чапляюся за той высокі ўзровень, калі я адчуваў задавальненне ад студэнцкага жыцця, яго карыснасць, патрэбнасць, калі ты разумеў, што толькі ты будзешь адказваць за тое, што ты вывучыў, што ты выхаваў ў сабе. З іншага боку, зараз у мяне адчуванне, што я на шляху да «Адраджэння», як у літаратуры – Сярэднявечча, Адраджэнне, Асветніцтва, але мне вельмі хочацца дабрацца да «Асветніцтва», каб выхаваць гэтыя каштоўнасці ў студэнтаў.
Таксама Сяргей Уладзіміравіч расказаў, як ішла падрыхтоўка да юбілея факультэта:
– Мы актыўна працавалі, і я ўдзячны сваім калегам і іншым работнікам факультэта, якія забяспечылі нам магчымасць папрацаваць у нашым універсітэцкім архіве з асабістымі справамі першых студэнтаў і выкладчыкаў кафедры мовы і літаратуры. Падрыхтавалі падарункавае выданне – трылогію «О памяти, об учителе, о человеке». Першая частка прысвечана факультэту, яго гісторыі, сучаснасці. Другая – першым выкладчыкам факультэта. Трэцяя – расказвае пра першых студэнтаў спецыяльнасцей «Руская мова і літаратура» і «Беларуская мова і літаратура» – тое, з чаго пачынаўся наш факультэт. Акрамя гэтага, мы актыўна абмяркоўвалі сцэнарый свята, тое, як будзем прымаць гасцей. Гэта руцінная, але цікавая праца.
Гэтыя гісторыі – толькі кропля ў моры ўспамінаў, якія захоўваюць сцены факультэта. Яны нагадваюць нам пра тое, што ўніверсітэт – гэта не толькі лекцыі і іспыты, але і яркія моманты студэнцтва, моцнае сяброўства і неацэнны досвед, які фарміруе асобу і вызначае жыццёвы шлях.
Гады вучобы на факультэце пакідаюць незабыўны след у жыцці кожнага студэнта. Успаміны аб студэнцкіх гадах, аб цяжкасцях і перамогах, аб першых навуковых даследаваннях і адкрыццях назаўжды застануцца ў іх памяці. І няхай гэтыя ўспаміны будуць светлымі і радаснымі, як у нашых выкладчыкаў. А факультэту хочацца пажадаць далейшага росквіту, таленавітых студэнтаў і невычэрпнага натхнення! Няхай сцены факультэта заўсёды будуць напоўнены гукамі жывой думкі, а выпускнікі працягнуць несці святло ведаў і любоў да слова па ўсім свеце!
Аўтар Карына Галай, студэнтка 3 курса
факультэта гуманітарных ведаў і камунікацый