Міхась Цыбульскі – мастацтвазнаўца, крытык, мастак-жывапісец, галоўны рэдактар часопіса «Мастацтва і культура», сябра Беларускага саюза мастакоў; старшыня Віцебскага абласнога мастацка-экспертнага савета па манументальным і манументальна-дэкаратыўным жывапісе; аўтар манаграфіі, раздзелаў у шматтомных выданнях, некалькіх соцен артыкулаў у часопісах і навуковых выданнях Беларусі, Расіі, Польшчы, Германіі, Латвіі, Літвы; аўтар-складальнік альбомаў і каталогаў; удзельнік абласных, рэспубліканскіх і міжнародных мастацкіх выстаў і пленэраў; лаўрэат звання «Чалавек года Віцебшчыны» (2015 год).
Хацеў стаць ваенным, але…
Сярод дзіцячых захапленняў Міхася Цыбульскага – маляванне, радыётэхніка, электроніка, валейбол, лыжы, веласпорт, бокс, гітара… А яшчэ хлапчуковая мара – стаць ваенным.
Магчыма, яна з’явілася пад уплывам сябра сям’і Дзмітрыя Адаменкі, падпалкоўніка віцебскай 103-й паветрана-дэсантнай дывізіі. Ён падараваў маленькаму Міхасю ваенную форму, якую бабуля падагнала по росту, і той яе апранаў летам у вёсцы.
«Але чым больш я сталеў, тым больш разумеў, што гэта не маё. Усё жыццё прахадзіць ва ўніформе, не мець магчымасці апрануць прыгожае адзенне?! Не, на гэта я не быў згодны, – смяецца Міхась Леанідавіч. – Ды і, як аказалася, і здароўе не дазваляла мне стаць ваенным. Сёння аб гэтым не шкадую».
Прафесіянал – гэта флюс, які развіваецца ў адзін бок
Гледзячы на Міхася Цыбульскага, цяжка з гэтым пагадзіцца. Міхась Леанідавіч нейкім цудам паспявае ўсё, і пры гэтым робіць якасна і ад душы.
«Шчыра кажучы, ніколі не думаў, што буду так сур’ёзна займацца мастацтвазнаўствам. Бачыў сябе найперш мастаком, але, на жаль, атрымалася па-іншаму. Мая майстэрня сёння часцей пустуе. Жаданне ёсць, а часу вольнага не стае, – прызнаўся суразмоўца. – Што датычыцца выкладання на мастацка-графічным факультэце, то мне падабаецца моладзь, апантаная мастацтвам. Прымушаць кагосьці нешта рабіць супраць яго волі – не мой метад».
Міхась Цыбульскі адзначыў, што яму б было цікава паспрабаваць сябе ў іншых сферах. Калі ён быў студэнтам і вучыўся ў корпусе на Чэхава, то там была свая кінастудыя, і ён марыў зняць кіно. А сёння мастак калі-небудзь глядзіць модныя паказы па тэлевізары і прадстаўляе сябе ў ролі дызайнера адзення.
Жыццё – імклівы бег наперад
«Імкнуся займацца тым, што мне цікава, рабіць нешта па заказу я проста не ўмею, – распавёў Міхась Леанідавіч. – Калі я арганізую выставу – мне гэта патрэбна, калі выступаю ў якасці куратара – гэта ці мая ініцыятыва, ці мяне папрасілі знаёмыя мастакі, пішу навуковы артыкул – тэма мяне захапіла. Сёння адчуваю, колькі мы губляем з-за пандэміі. Без міжнародных праектаў сумна».
Па словах Міхася Цыбульскага, курыраваць выставы ён пачаў менавіта з замежных праектаў. Заўсёды імкнуўся зрабіць так, каб творца прыязджаў у гасцінны Віцебск як на свята, а тут яго ўжо чакалі зробленыя афішы, рэкламкі, анатацыя, аформленная зала і г.д.
Так, з канца 1990-х гадоў выкладчык пачаў арганізоўваць у нашым горадзе выставы мастакоў з Латвіі, супрацоўнічаць з Консульствам Латвійскай рэспублікі ў Віцебску. Некалькі гадоў запар жыхары і госці горада на Дзвіне маглі паглядзець творы мастакоў з суседняй краіны ў межах «Дзён мастацтва Латвіі ў Віцебску».
«У некаторыя гады магло быць і па 2 – 3 выставы на месяц, якія, зразумела, патрабавалі сур’ёзнай падрыхтоўкі. Калі шчыра, да сваіх персанальных выстаў стаўлюся прасцей. Нешта накшталт: трэба вырашыць, у чым пайсці ў тэатр, адмовіцца нельга», – расказаў суразмоўца. Дарэчы, увосень у Віцебскім мастацкім музеі і ў Віцебскай абласной бібліятэцы пройдуць выставы мастака, прымеркаваныя да юбілею.
Пра мянушку «пажарны»
Міхась Цыбульскі смяецца, што так яго назвалі супрацоўнікі выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя», бо яму, у адрозненне ад абсалютнай большасці аўтараў, можна патэлефанаваць у панядзелак, папрасіць да пятніцы напісаць артыкул, і гэта будзе зроблена.
«Для мяне важна трымаць слова. Калі я нешта паабяцаў, то буду працаваць усю ноч да раніцы, але зраблю, – адзначыў мастацтвазнаўца. – Як звычайна я пішу артыкулы? Ляціць нейкі паток свядомасці, я яго друкую, атрымоўваецца дзесьці старонак дзесяць тэксту, потым пачынаю скарачаць, дарабляць, перапісваць асобныя моманты… Карацей, рэдагую некалькі разоў, пакуль не адчую, што музыка тэксту мне падабаецца».
Канешне, часам даволі цяжка паспець усё. Пра абяцанне нешта зрабіць Міхась Цыбульскі вымушаны думаць заўсёды: на вуліцы, у грамадскім транспарце, па дарозе дадому, фарміруючы ў галаве аснову будучага артыкула. Таму мастак і просіць не крыўдаваць, калі ён пры сустрэчы з кімсьці не павітаўся. Думкамі ў гэты момант, магчыма, ён быў далёка.
Адпачынак падчас пленэру
Міхась Цыбульскі прызнаецца, што адзінае, калі ў яго атрымліваецца адпачыць, – гэта падчас пленэраў. Калі ноўтбук і ўсе запісы ён пакідае дома, а з сабой бярэ толькі пэндзалі і фарбы. Мастак кажа, што ў такія моманты адпачывае і цела, і розум, і душа.
«Наогул я вандроўнік, мяне натхняюць любыя мясціны, куды я прыязджаю. Адчуваю радасць, што я вольны, хаця б на некаторы час. І няважна: Беларусь гэта ці замежжа – калі бываю там па нейкіх абавязках, то выкарыстоўваю кожную вольную хвіліну, каб кудысьці збегчы і нешта намаляваць», – успомніў Міхась Леанідавіч.
Пра свае работы мастак кажа, што на 99 адсоткаў – гэта эцюды, завершаныя ці незавершаныя, зробленыя на месцы літаральна за некалькі гадзін. Пры гэтым творцы больш падабаюцца гарадскія краявіды, чым вясковыя. Хаця піша аўтар і тыя, і тыя.
«Віцебск я пісаў менш за ўсё, – смяецца Міхась Цыбульскі. – Няма часу. Калі нешта ў свой час і было зроблена, то падчас пленэраў са студэнтам. Але я веру, што калі-небудзь дабяруся да гэтага горада. Ёсць на прыкмеце некалькі цікавых віцебскіх дворыкаў…».
Бліжэй рэалістычны жывапіс
«Ведаеце, гэта як пра чалавека: адзін чытае адны кніжкі, другі – другія. Вось і мне падабаюцца пейзажныя эцюды, – пракаментаваў мастак. – Анімалістычны жанр – гэта наогул не маё, жывёлы мяне ніколі не натхнялі. Некалькі партрэтаў у калекцыі ёсць, але ж трэба разумець, што гэта жанр, які патрабуе многасерыйнай працы. Я ж баюся, што магу пачаць, але не паспею завяршыць… Пры гэтым, напэўна, няма такога, што я дакладна не намалюю. Але мне бліжэй рэалістычны жывапіс, мне падаецца, што ў ім больш можна выразіць сябе». Пры гэтым Міхаіл Леанідавіч заўважае, што калі нехта думае, што абстракцыя – гэта проста, то ён памыляецца. Далёка не кожны здольны мастацкімі сродкамі перадаць свае ўражанні.
Карціны не могуць быць таннымі
Сёння нярэдка ад людзей можна пачуць, што яны б можа і хацелі набыць карціну ў таго ці іншага мастака, але ж яна дорага каштуе.
«Карціны не могуць быць таннымі. Нельга ўспрымаць іх як кусок палатна з напэцканнымі фарбамі. На самой справе можа быць так, што гэты твор мастак пісаў усё жыццё, – адзначыў Міхась Леанідавіч. – Я магу зразумець людзей, якія кажуць, што ваша маленькая карціна каштуе столькі ж, колькі капанне ямы… Але тут вінаваты не людзі, а невялікі памер іх заробкаў. Зразумейце, арыгінальныя творы не могуць быць таннымі, але ж яны даступныя ў музеях, галерэях, падчас выстаў – прыходзьце і глядзіце, калі ласка».
На такіх жэняцца
Кажуць, што двум творчым людзям цяжка жыць пад адным дахам. Але сям’я Цыбульскіх пад гэта правіла не падыходзіць. Міхась і Людміла шчасліва жанаты ўжо больш за 35 гадоў.
«Мы ўпершыню пабачылі адзін аднаго яшчэ ў піянерскім лагеры, але, калі шчыра, тады я не звярнуў увагу на сціплую, ціхую дзяўчыну, – успомніў мастак. – Гэта ўжо потым, пасталеўшы, зразумеў, што вось якраз на такіх і жэняцца. У 1983 годзе мы пачалі сустракацца, у 1985-м – узялі шлюб».
Людміла – выпускніца так званага «Парнату» (сёння – каледж мастацтваў імя Ахрэмчыка), шмат гадоў адпрацавала на розных пасадах у ААТ «Віцебскія дываны». Менавіта пад уплывам жонкі Міхася Цыбульскага і сёння прываблівае тэкстыль.
«Калісьці я захапляўся алейным жывапісам, а жонка бліжэй пазнаёміла мяне з гуашшу, і я зразумеў, што мне гэта тэхніка таксама падабаецца, – расказаў Міхась Леанідавіч. – Людміла – не публічны чалавек, усё жыццё яна адпрацавала на вытворчасці, неаднаразова займала першыя месцы на розных, у тым ліку ўсесаюзных конкурсах, але ніколі гэтым не хвалілася. Я заўсёды казаў і працягваю гэта рабіць: Людміла больш таленавітая за мяне. Я б ніколі не змог зрабіць тое, што робіць яна».
Міхась Леанідавіч упэўнены, што гэта добра, калі муж і жонка маюць дачыненне да мастацтва і думаюць аднымі катэгорыямі. Дзякуючы гэтаму, ёсць паразуменне ў сям’і. Да прыкладу, пасля заканчэння мастацка-графічнага факультэта тады педагагічнага інстытута Міхась паехаў працаваць у васьмігадовую вёску ў Гарадоцкім раёне. Заробак на тыя часы складаў 90 рублёў. І вось уявіце сабе: настаўнік едзе да жонкі ў Віцебск на выходныя, вязе грошы, а па дарозе заходзіць у кніжную краму ў Гарадку і набывае альбом Андрэя Рублёва за 40 рублёў.
«Я магу толькі ўявіць, што сказалі б іншыя жонкі ў гэтай сітуацыі.. Мая ж Людміла з цікавасцю пачала разглядаць рэпрадукцыі, – смяецца Міхась Леанідавіч. – Жонка – мой самы жорсткі і бязлітасны крытык. Яна можа нічога не казаць, але ўжо па позірку і цяжкім уздыху я разумею, што нешта не тое.. Крытыкуе яна правільна, але з вышыні свайго ўзроўню, да якога я не магу дацягнуцца. Дарэчы, калі мы толькі пачалі сумеснае жыццё, то крытыкі было больш». Сын Улад – таксама чалавек творчы. Скончыў факультэт дызайну ВДТУ, магістратуру на МГФ нашага ўніверсітэта, зараз актыўна працуе ў галіне праектавання камп’ютарных інтэрфэйсаў.
Замест эпілогу
«Яшчэ бацька мне казаў, што трэба з павагай адносіцца да ўсіх людзей. Гэтай парады я прытрымліваюся ўсё жыццё. Я лёгка пранікаю ў любую суполку, бо шмат чаго для гэтага раблю. Напрыклад, стараюся размаўляць на мове той краіны, дзе знаходжуся. Сам я ніколі не змагу зрабіць подласць і ад людзей чакаю такіх жа адносін», – падагульніў Міхась Цыбульскі.
Аўтар Алеся Дуброўская