Фiльмы пра Вялікую Айчынную вайну

Фiльмы пра Вялікую Айчынную вайну

Творчасць беларускага пісьменніка-франтавіка Васіля Быкава вылучаецца асаблівай рэалістычнасцю, дакладнасцю, жыццёвай праўдай апісаных падзей і жорсткай увагай да маральных пытанняў, а таксама філасофскім абагульненнем. Пры гэтым пісьменнік застаецца ў межах той рэальнасці, таго абмежаванага часу, прасторы, людскіх характараў, якія ён задае сам.

Зацікавіўшыся гэтай тэмай, я склаў топ-5 фільмаў па творах Быкава, якія і сёння актуальныя. Тым больш, што 19 чэрвеня мы адзначылі 100 гадоў са дня нараджэння нашага таленавітага земляка.

«ТРЭЦЯЯ РАКЕТА» (1963 ГОД)

«Трэцяя ракета» – кінастужка Рычарда Віктарава (у будучыні аднаго з лепшых савецкіх рэжысёраў-фантастаў) надоўга стала кананічным фільмам пра вайну. За лёсам артылерыстаў, што засталіся ў франтавым акопе адразанымі ад асноўнага войска, назіралі гледачы не толькі СССР, але і большасці краін Еўропы. Выдатна выканалі свае ролі Станіслаў Любшын і Георгій Жжэнаў.

«АЛЬПІЙСКАЯ БАЛАДА» (1965 ГОД)

«Альпійская балада» – яшчэ адна карціна паводле аповесці Васіля Быкава, якую ў Еўропе ведалі не горш, чым на радзіме. Тут зноў сыграў Станіслаў Любшын. Гісторыя трох дзён жыцця беларуса і італьянкі, якія ўцяклі з лагера, у 1965 годзе ўзрушыла не толькі савецкіх, але і еўрапейскіх гледачоў. Карціна атрымала галоўны прыз Міжнароднага кінафестывалю ў Дэлі. Выканаўца ролі італьянкі Джуліі – Надзея Румянцава – аб’ездзіла з «Альпійскай баладай» больш за пяцьдзесят краін, і ўсюды фільм быў прыняты з захапленнем.

«ДОЎГІЯ ВЁРСТЫ ВАЙНЫ» (1975 ГОД)

«Доўгія вёрсты вайны» трохсерыйны фільм беларускай кінастудыі, зняты па двум аповесцям Васіля Быкава і аўтарскім сцэнарыі. Да гэтага часу кінастужка лічыцца адной з самых яркіх і пранізлівых ваенных кіналент. Кожная з серый раскрывае свой этап Вялікай Айчыннай вайны і ўчынкі людзей, якія з’яўляліся тыповымі для дадзенага ваеннага перыяду. Фільм здымаўся да 30-годдзя Перамогі і быў паказаны па Першым канале тэлебачання СССР на майскія святы.

«ДАЖЫЦЬ ДА СВІТАННЯ» (1975 ГОД)

«Дажыць да світання» кінастужка, знятая на «Ленфільме» да 30-годдзя Перамогі па аднайменнай аповесці Васіля Быкава рэжысёрам Міхаілам Яршовым, які стараўся вельмі натуралістычна паказаць цяжкі і небяспечны лёс савецкіх дыверсантаў. Рэжысёрскай знаходкай стала запрашэнне на ролі немаладых салдат – сапраўдных ветэранаў-разведчыкаў.

«УЗЫХОДЖАННЕ» (1976 ГОД)

«Узыходжанне» фільм 1976 года паводле аповесці Васіля Быкава «Сотнікаў», у якім расказваецца пра двух партызан, якія трапілі ў палон. Некаторы час стужка не магла выйсці на экраны з-за рэзкага яе непрымання савецкай партыйнай элітай. Зняты з элементамі псіхадэлікі фільм нікога не мог пакінуць абыякавым. Супраць фільма, знятага ў Маскве, пратэставала кіраўніцтва сталіцы СССР і аддзел прапаганды ЦК КПСС. Але кіраўніку камуністычнай Беларусі Пятру Машэраву фільм спадабаўся. І ён, заручыўшыся лістом, падпісаным партызанамі – Героямі Савецкага Саюза, прывёз копію карціны Леаніду Брэжневу, які ў той час адпачываў у Віскулях (Белавежская пушча).

Безумоўна, кожны твор Васіля Быкава прымушае задумацца, разам з героямі прайсці не самы лёгкі шлях і зрабіць не самы лёгкі выбар. Але ж ваеннай тэматыцы прысвячалі свае літаратурныя творы і фільмы і другія творцы. Я вырашыў запытацца ў сваіх аднагрупнікаў, якія кінастужкі на тэму Вялікай Айчыннай вайны, акрамя як па творах Быкава, яны раяць паглядзець.

Ганна Пруднікава, студэнтка 2 курса факультэта гуманітарыстыкі і моўных камунікацый:

Мой любімы фільм «Зладзейка кнiг» – гэта кранальная, жыццёвая, драма, знятая па матывах сусветнавядомага рамана Маркуса Зусака «Кнiжны злодзей».
У ім расказваецца, як у Германіі 1938 года немка-камуністка аддае сваю 9-гадовую дачку Лізель прыёмным бацькам, каб зберагчы яе. Патрапіўшы ў новую сям’ю, дзяўчынка адчувае дабрыню толькі з боку прыёмнага бацькі Ханса Хубермана, тады як новая маці настолькі перажывае з таго, што адбываецца навокал, што хутка пачнецца вайна, што ёй няма справы ні да каго. Праз час Лізель знаходзіць агульную мову з прыёмнай мамай і, нягледзячы на вар’яцтва, што творыцца ў краіне, знаходзіць сяброў. Але жыццё Лізель і яе сям’і азмрочвае вайна…
Экранізацыя рамана мне вельмі спадабалася, мяне таксама ўразілі акцёры, пейзажы і спецэфекты.
Я раю паглядзець гэты фільм усім, хто дасягнуў 16-гадовага ўзросту, але абавязкова разам з усёй сям’ёй, каб зразумець увесь жах вайны, трагедыю і жыццё простых нямецкіх людзей. Фільм дапамагае зразумець каштоўнасць сям’і, сяброўства, любві і мірнага жыцця. Прызнаюся, ён пакінуў след у маім сэрцы і ўвайшоў у дзясятку самых любімых стужак.

Дар’я Гайдукова, студэнтка 2 курса факультэта гуманітарыстыкі і моўных камунікацый:

«Хлопчык у паласатай піжаме» адзін з самых глыбокіх і эмацыйных ваенных фільмаў, якія я глядзела. У ім расказваецца пра маленькага Бруна, сына нацысцкага афіцэра, які выпадкова знаёміцца і пачынае сябраваць з габрэйскім хлопчыкам Шмуэлем, зняволеным канцэнтрацыйнага лагера.
Іх цёплае і кранальнае сяброўства на фоне жахаў вайны і генацыду выклікае глыбокія перажыванні.
Фільм прымушае задумацца пра каштоўнасць жыцця і недапушчальнасць злачынстваў супраць чалавецтва.

Злата Шаўчанка, студэнтка 2 курса факультэта гуманітарыстыкі і моўных камунікацый:

Варта паглядзець фільм «Брэсцкая крэпасць», які заснаваны на рэальных падзеях і распавядае, як у першыя дні Вялікай Айчыннай вайны невялікі гарнізон савецкіх салдат і афіцэраў трымаў абарону ў Брэсцкай крэпасці.
Дзякуючы сваёй рэалістычнасці, кінастужка з першых хвілін пагружае ў атмасферу таго часу, дазваляе адчуць мужнасць і стойкасць савецкіх пагранічнікаў, ацаніць, як годна яны вытрымалі выпрабаванне, якое выпала на іх долю, і даказалі, што няма нічога немагчымага. Яшчэ мне вельмі спадабалася, што гэты фільм распавядае не толькі аб баявых дзеяннях і гераізме салдат, але і аб вернасці, сяброўстве, чалавечай годнасці ва ўмовах вайны.

Немагчыма не заўважыць, што ў многіх фільмах пра вайну падымаецца тэма маральнага выбару, які даводзіцца рабіць героям у складаных жыццёвых сітуацыях. І часта аўтары падкрэсліваюць, што менавіта маральныя прынцыпы і каштоўнасці павінны служыць арыенцірам для чалавека ў яго дзеяннях і рашэннях.

Я ж настойліва раю ўсім паглядзець фільмы з гэтай падборкі, успомніць родных і ўсіх беларусаў, што загінулі падчас Вялікай Айчыннай вайны, адчуць адказнасць перад самім сабой і грамадствам за будучыню нашай краіны.

Аўтар Уладзіслаў Навумаў, студэнт 2 курса
факультэта гуманітарыстыкі і моўных камунікацый

Фотаматэрыялы з адкрытых інтэрнэт-крыніц

+1
3
+1
1
+1
1
+1
3
+1
1