Беларускія народныя святы: ад папараць-кветкі да апошняга снопу

Беларускія народныя святы: ад папараць-кветкі да апошняга снопу

Лета і пачатак восені ў Беларусі – багаты на святы час. Гэта цікавыя традыцыйныя фестывалі, якія адлюстроўваюць багатую культуру і гісторыю краіны і з’яўляюцца часткай нашай нацыянальнай ідэнтычнасці, гэта спляценне язычніцкіх рытуалаў і сучасных тэхналогій, гэта каларыт і гасціннасць, якімі так славіцца беларускі народ.

Калі гаварыць пра асноўныя каляндарныя святы гэтай пары, то найперш гэта Купалле, Спас і Дажынкі.

  • Купалле адзначаецца ў ноч з 6 на 7 ліпеня. Гэта свята звязана з летнім сонцастаяннем і сімвалізуе росквіт прыроды і пачатак летняга перыяду. На Купалле прынята паліць вогнішчы, скакаць праз іх, вадзіць карагоды, плесці вянкі, а таксама збіраць лекавыя травы. А яшчэ нашыя продкі ды і сёння людзі вераць, што ў гэтую ноч можна знайсці чароўную папараць-кветку і атрымаць магчымасць бачыць будучыню.
  • Спас – зборная назва трох традыцыйных беларускіх святаў, якія адзначаюцца ў апошні месяц лета. Мядовы Спас (14 жніўня) звязаны з пчалярствам і медазборам. Яблычны Спас (19 жніўня) – з яблыкамі, лічыцца, што з гэтага дня іх можна есці, а для гэтага не лішнім будзе занесці ў царкву для асвячэння. Арэхавы Спас (29 жніўня) звязаны з ураджаем і пладароднасцю зямлі.
  • Дажынкі – старажытнае народнае свята, якое адзначаецца пасля сканчэння жніва. Свята сімвалізуе завяршэнне збору ўраджая і пачатак сяўбы азімых культур. Традыцыйна Дажынкі суправаджаюцца танцамі, песнямі, рознымі абрадамі, якія маюць язычніцкае паходжанне.

Выкладчыкі і студэнты факультэта гуманітарыстыкі і моўных камунікацый распавялі, якія цікавыя гісторыі з іх жыцця звязаныя з гэтымі святамі.

Віталь Падстаўленка, кандыдат філалагічных навук, дацэнт:

На фоне ўсіх існуючых відаў народнай святочнасці Купалле, бясспрэчна, самае вядомае свята, што праводзіцца яшчэ з дахрысціянскага перыяду. І нашы далёкія продкі-язычнікі ў перыяд найвышэйшага росквіту прыроды наладжвалі адпаведныя абрады ў гонар летняга сонцастаяння. У купальскіх рытуалах (рэшткі якіх захаваліся і да нашага часу) людзі перадусім выказвалі ўдзячнасць прыродным стыхіям. А сваімі вясёлымі песнямі, танцамі і гульнямі пашыралі агульную атмасферу шчасця ва ўсім свеце, памнажалі гармонію стасункаў чалавека і прыроды.
У канцы 1990-х гадоў я са студэнтамі тройчы выязджаў у фальклорныя экспедыцыі. І адна з іх праходзіла на радзіме нашага славутага пісьменніка-рамантыка Яна Баршчэўскага – на Расоншчыне, ля апаэтызаванага ў «Шляхціцы Завальні» возера Нешчарда. Седзячы ўвечары ля купальскага вогнішча, мы са студэнтамі спявалі песні, натуральна, пачаўшы з «Купалінкі», чыталі беларускія вершы. Як ніколі раней, вельмі блізкімі кожнаму з нас сталі тады словы Яна Баршчэўскага: «Цуды можна разумець сэрцам, а не навукаю».
У свяце Купалля абсалютна ўсё мае сімвалічны сэнс, раскрыццю якога прысвечаны грунтоўныя навуковыя працы фалькларыстаў (Ул. Васілевіч, А. Лозкі, У. Сысова і інш.). Але самае важнае ў ім, думаецца, звязана з пажаданнем усяму існаму (і чалавецтву таксама) абсалютнага шчасця ў гармоніі думак і пачуццяў, мар і здзяйсненняў, вялікай стваральнасці на карысць Маці-Зямлі.

Ганна Гладкова, кандыдат філалагічных навук, дацэнт:

Дажынкі – спрадвечная беларускае свята, бо беларусы заўсёды клапаціліся пра ўраджай, ад якога залежала будучыня, рупліва працавалі на зямлі. Цяжкая праца на полі падыходзіла да свайго завяршэння, жанчыны зажыналі апошнюю паласу і збіралі сноп разам. Ён сімвалізаваў заканчэнне работ і быў вынікам сумеснай працы. Спяваліся жніўныя песні, ушаноўваўся песняй і апошні сноп.
Асабістых гісторый, звязаных са святам, не маю, але кожны год сачу за зборам ураджаю збожжа ў нашай краіне, радуюся поспехам хлебаробаў, бо без хлеба няма жыцця на Зямлі. Ведаю, штогод Дажынкі святкуюцца як агульнарэспубліканскае свята, і гэта правільна, бо кожны грамадзянін павінен памятаць, што ад працы хлебароба залежыць дабрабыт.
Сімвал свята для мне – вялікі сноп збожжа, сагрэты сонцам і аблашчаны цяплом рук чалавека. На мой погляд, гэта цудоўны сімвал жыцця, шчасця і радасці – усяго таго, што аб’ядноўвае наш працалюбівы народ.

Ганна Навасельцава, кандыдат філалагічных навук, дацэнт:

Паводле народнай традыцыі да 19 жніўня нельга есці ніякіх пладоў новага ўраджаю, акрамя агуркоў, інакш будуць хварэць дзеці. Невыпадкова ў народзе гэты дзень называюць яшчэ і «Лакамка», бо наліваюцца сокам яблыкі, а ў садзе і на гародзе спее ўраджай. Святу Спаса, а іх тры – Мядовы, Яблычны і Арэхавы, прысвечаны прыказкі: «Прыйшоў Спас – усяму час», «На другі Спас і жабрак яблык з’есць».
Таксама ў народзе захавалася павер’е, што ў гэты дзень можна загадаць жаданне, і яно збудзецца.
У народзе Спас лічылі днём адлёту буслоў. Калі буслы пачыналі рыхтавацца да адлёту за тыдзень перад святам, гэта значыла, што зіма наступіць рана і будзе марозная, а вясна будзе цяплейшай, чым звычайна; калі пасля Спаса – восень будзе цёплая, зіма позняя, вясна халодная. Лічылася, што менавіта пасля Яблычнага Спаса пачыналіся першыя халады.

Караліна Вялічка, студэнтка 3 курса (спецыяльнасць «Беларуская філалогія»):

Народныя святы – гэта неад’емная частка нашай культуры, неацэнны нацыянальны скарб. Асабіста я штогод адзначаю Купалле. Мой выбар звязаны не толькі з імкненнем спасцігнуць мудрасць душы народа, але і з дзіцячымі ўспамінамі. Калі я яшчэ была маленькая, то самым цікавым днём за ўсё лета ў бабулінай вёсцы было Купалле. Штогод супрацоўнікамі мясцовага дома культуры ў ноч з 6 на 7 ліпеня на беразе Галбяіцы ладзілася святочнае мерапрыемства: спяваліся народныя прыпеўкі і песні, праводзіліся разнастайныя конкурсы, абыграваўся сюжэт пошуку папараць-кветкі. А моладзь паліла вогнішча, якое гарэла ўсю ноч. Мне з братам так хацелася пабыць каля яго як мага больш! Але куды там – малыя яшчэ.
Ужо ў падлеткавым узросце я захацела адкрыць для сябе ўсю таямнічасць Купальскай ночы. Таму разам з сябрамі я прымала ўдзел у конкурсах, танчыла, спявала. Але ж Купалле – гэта не проста нагода прыемна правесці час, але і самая рамантычная ноч года. Раней я не надавала сакральнага значэння гэтаму святу, а сёння мая пазіцыя змянілася. Штогод я пляту вянок, імкнуся сабраць 12 відаў раслін, як калісьці рабілі нашыя продкі. Вянок успрымаецца мной як сімвал дзявоцкасці, а яшчэ як важны атрыбут для гадання. Калі хочаце адчуць сапраўдную асалоду ад святкавання Купалля, абавязкова апусціце свой вянок на ваду, загадайце на лёс і каханне.
У Купальскую ноч мяне можна сустрэць у карагодзе каля вогнішча. Вы нават не ведаеце, як прыемна танчыць у вясёлым гурце сяброў і знаёмых на Купалле! Яшчэ варта пераскочыць праз купальскае вогнішча, аднак я пакуль не набралася мужнасці, можа, менавіта ў гэтым годзе ў мяне атрымаецца гэта зрабіць.

Паліна Дзягель, студэнтка 2 курса (спецыяльнасць «Гісторыя і грамадазнаўчыя дысцыпліны»):

Купалле для мяне асацыюецца з містыкай, бо лічылася, што ў гэтыя дні можна гадаць на нарачонага, а таксама стаць абсалютна шчаслівым, знайшоўшы папараць-кветку.
Аднойчы ў Купальскую ноч я кінула ў вогнішча вянок і загадала жаданне. Я заўсёды так раблю. Але ў той раз мне настолькі хацелася, каб яно ажыццявілася, што я глядзела ў агонь, пакуль той не патух. Праз месяц жаданне спраўдзілася. Магчыма, гэта і не звязана з чараўніцтвам Купалля, але прыемна верыць у цуды!
Сімвалізм свята, на мой позірк, у веры. Столькі традыцый і загадак хавае гэтая ноч, што захоплівае дух. Прыемна, што ўсе прыкметы і паданні пра Купалле звязаны з сапраўднай беларускай культурай, і як цудоўна, што ўсё новыя і новыя пакаленні людзей вераць у цуд у купальскую ноч.
Я вельмі люблю гэтае свята. У дзяцінстве і ў падлеткавым узросце я кожны год прыязджала ў вёску да бабулі, каб атрымаць асалоду ад незабыўнай атмасферы. Усё ж такі ў гарадах гэта абсалютна не тое! Апошнія пару гадоў, на жаль, не атрымлівалася, але, спадзяюся, што сёлета я змагу зноў акунуцца ў гэтую загадкавую ноч.

Выснова адна: беларусы ведаюць сваю гісторыю і культуру, цікавяцца здабыткамі сваіх продкаў, не забыліся народныя традыцыі і захоўваюць іх у сваіх сэрцах па сённяшні дзень.

Аўтар Мiкалай Трафiмаў, студэнт 2 курса
факультэта гуманітарыстыкі і моўных камунiкацый

+1
13
+1
2
+1
1
+1
2
+1
0