З вуснаў да сэрца

З вуснаў да сэрца

Родная мова. Першыя гукі, якія ты чуеш у сваёй калысцы. Першыя словы, якія табе кажа маці. Першыя фразы, якімі ты пачынаеш размаўляць з гэтым мірам і людзьмі. Што ты чуеш у сваёй роднай беларускай мове? Подых ветру ў сонечны дзень, шапаценне лісця багата апранутых лясоў, цурчанне серабрыстага ручайка сярод залатых бязмежных палёў. Што адчуваеш у ім? Сілу роднай зямлі, сілу памяці аб мінулым і спадчыну продкаў.

У жыцці кожнага з нас беларуская мова займае нейкае пэўнае месца. Для кагосьці гэта сродак штодзённых зносін, для кагосьці – спосаб камунікацыі толькі ў пэўных кругах і акалічнасцях.

Аб сваім стаўленні да беларускай мовы і неабходнасці яе выкарыстання нам расказалі выкладчыкі і студэнты нашага універсітэта.

Алеся Мядзіль, студэнтка групы 41/2 філалагічнага факультэта:

– Я размаўляю на беларускай мове, бо гэтую любоў мне прывілі яшчэ ў дзяцінстве. З бабуляй і дзядулем мы заўсёды спявалі беларускія песні і чыталі беларускія народныя казкі. І зараз мне гэта вельмі спатрэбілася!

Беларускую філалогію я выбрала невыпадкова. На факультэце з усімі выкладчыкамі мы размаўляем па-беларуску. Яны сваім прыкладам даказваюць нам кожны дзень, што трэба шанаваць беларускае слова і прывіваць любоў у сваіх вучняў да роднай мовы. Многія мае сябры карыстаюцца беларускай мовай у паўсядзённым жыцці. Калі раней жылі ў інтэрнаце, нават ладзілі беларускамоўныя вечары. Я люблю беларускую мову, бо яна вельмі прыгожая, мілагучная. Роднай мовай, як я лічу, можна не карыстацца кожны дзень, але яе трэба любіць і з павагай адносіцца да яе.

Бабамырат Піргулыеў, студэнт філалагічнага факультэта (43 група):

– Как-то раз я сходил в театр, когда ставили какую-то белорусскую пьесу. Мне очень понравился ваш красивый язык. Я понял, что хочу с ним познакомиться. Ведь я учусь в Беларуси, и не знать белорусского языка было как-то неудобно с моей стороны, я считал это неуважением к белорусскому народу. И я решил хотя бы немного научиться «размаўляць на беларускай мове».

Я учусь в русской группе со студентами-белорусами. У нас был предмет «Белорусский язык», который вели замечательные преподаватели. Я посещал все занятия, старался понять и выучить что-то новое. С этим мне очень помогли и преподаватели, и студенты, которые подсказывали, как нужно правильно строить фразы, предложения. Я начал учить стихи на белорусском языке. Первым моим стихотворением была «Матчына мова». Думаю, я запомню его на всю жизнь.

Рыгор Фядзькоў, прафесар кафедры выяўленчага мастацтва, кандыдат педагагічных навук, дацэнт:

– Беларуская мова – гэта мая родная мова. І, як адукаваны чалавек, я павінен ведаць мову. Бо чалавек, які не ведае сваёй роднай мовы, хутчэй за ўсё невук. Тут няма чым ганарыцца. Нельга лічыць сабе адукаваным, а родную мову не ведаць.

Да восьмага класа я вучыўся на беларускай мове. І мне бывае дзіўна, калі вучоныя людзі, выкладчыкі кажуць, што нельга перакласці на беларускую мову законы фізікі, хіміі і гэтак далей. Але падручнікі на беларускай мове па розным дысцыплінам заўсёды былі.

Сваю родную мову я выкарыстоўваю там, дзе яе разумеюць. На сваіх дысцыплінах для студэнтаў я ўжываю і беларускую, і рускую мовы, паколькі ў нас двухмоўе. Ў паўсядзённым жыцці я часцей за ўсё выкарыстоўваю рускую мову, у беларускамоўным асяроддзі я пераходжу на беларускую.

Уладзіслаў Улаховіч, магістрант гістарычнага факультэта:

– Словы – гукавыя формы вобразаў у нашай галаве. Мова – сродак абмену інфармацыяй між людзьмі.

Цяпер можна пачынаць.

Я хачу (і мы ўсе, напэўна, хочам), каб нашы словы адпавядалі таму, аб чым мы думаем. Вобразы ў нашай галаве адрозніваюцца, падчас мы нават патлумачыць не можам, што нейкія словы дзеля нас адзначаюць не тое, што дзеля іншага чалавека, прычым абодва значэння (тваё і іншага) адпавядаюць гэтаму слову ў гэтай мове і ніякаму іншаму.

Па-першае, у мовах словы гучаць па-рознаму: «цветок» і «кветка».

Па-другое, яны могуць адрознівацца прыкметамі: «цветок» – мужскі род, «кветка» – жаночы род.

Па-трэццяе (і галоўнае дзеля мяне), яны адрозніваюцца вобразамі, сумежнымі паняццямі, эмацыянальнай афарбоўкай, якую нясуць разам з сабой. «Мировоззрение» не тое ж самае дзеля мяне, што і «Светапогляд», «Я цябе слухаю» не тое, што «Я тебя слушаю», словы «кветка» і «цветок» нясуць дзеля мяне розныя эмоцыі, хоць ёсць адна істота. Выразы «Я тебя люблю» і «Я цябе кахаю» гэта проста розныя рэчы. Апошняе выклікала ў мяне настолькі вялікі кагнетыўны дысананс, што я не мог шчыра сказаць бацькам што люблю іх, прыкладна з таго моманту, як закахаўся ўпершыню ў дзяўчыну.

Мяркую, гэта звязана з гісторыяй і культурным асяроддзем, а, можа, і нейкая генетычная памяць продкаў. Адсюль жаданне размаўляць на беларускай мове, яе набор гукавых кодаў болей адпавядае таму, што будуецца ў маёй галаве ў думкі. Бываюць выключэнні. Напрыклад, я аддаў бы перавагу між словамі «лёс» і «судьба» апошняму, дарэчы такія выключэнні могуць быць звязаны не толькі з рускай мовай.

Размаўляючы з людзьмі мне вельмі хочацца перадаваць ім інфармацыю так, як я яе бачу, у надзеі, што яны дэкадыфіцыруюць яе бліжэй да арыгіналу.

Усё гэта не мела б ніякага сэнсу, але. 

Яшчэ ў школе, калі мне было каля 14 год, не разумеючы дакладна ўсяго вышэйапісанага, я фармуляваў сваю думку аб беларускай мове прымітыўна: «да не колхозная она, мне нравится, нормальный язык, трасянка так себе звучит, а белорусский – нормальный язык». Тады я паспрабаваў першы раз перайсці на беларускую. Гэта было татальнае фіаска.

Новалукомль даволі рускі ў сваёй свядомасці горад, бо малады, і падчас заснавання панаехалі сюды з усяго саюзу. На 15 тысяч чалавек на тый момант па-беларуску паўсядзённа размаўляў адзін – наш эндакрынолаг (зараз нас двое). Я сутыкнуўся з супраціўленнем і спачатку прыколамі, а потым здзекваннем сяброў. Рэакцыя бацькоў была нейтральная: «Молодец, иди посуду помой». Пратрымаўся дзень з паловай.

Потым пераехаў у Віцебск, і ўсё атрымала новы паварот:

1) Тэатр. Схадзіў туды ўпершыню, так саўпала (я не ведаў), што гэта адбылося на гадавіну адкрыцця, 21 лістапада, тады якраз давалі «Несцерку» – яго візітную картку.

2) Музыка. Раней дзеля мяне беларускамоўная музыка існавала ў выглядзе гімну і «Песняроў». Тут я адкрыў дзеля сабе такія калектывы, як «Хурма», «Наві», «Дзецюкі», «Рэспубліка Паліна». Іх было шмат, яны мне падабаліся на раўне з замежнымі, і гэта быў сапраўдны культурны шок.

3) Выкладчык. Бабіч Юрый Міхайлавіч. Ён класны сам па сабе, што прыцягвае і да яго дысцыпліны, беларускай мовы. Акрамя таго ён расказаў шмат тых фактаў з яе гісторыі, што я раней не ведаў, пашырыў веды пра некаторыя цікавыя словы, паняцці, правілы.

4) Асяроддзе. Адэкватныя людзі. Гэта табе не школа, усё ж вышэйшая адукацыя – гэта ўзровень. Да таго ж некаторыя з іх выказваліся аб тым, што збіраюцца альбо хацелі б перайсці на мову.

На тый момант халодны да гэтага пытання (настолькі, што нават з Юрыем Міхайлавічам, у якога быў выдатнікам, на перапынках размаўляў па-руску), я раптам зноў запаліўся ідэяй паразмаўляць на мове продкаў, паўтарыць эксперымент, даведацца, на колькі пратрымаюся на гэты раз (з умовай пераходзіць на рускую мову, калі сказаць нешта не магу, альбо патрабуюць абставіны).

Эксперымент пачаўся 1 студзеня 2016 года.

Аліна Карпызіна, група 31/2, філалагічны факультэт:

– В повседневной жизни мне проще общаться на русском языке, поскольку друзья, знакомые и большая часть окружения разговаривают на нём. Но белорусский язык мне был интересен ещё со школы: конкурсы, олимпиады и призовые места мне приносил именно он. Он же и определил выбор моей специальности и высшего учебного заведения.

Я студентка филологического факультета, специальности «Белорусская филология (литературно-редакционная деятельность)», и первая половина дня связана с белорусским языком. На нём я общаюсь, когда нахожусь на занятиях, с преподавателями, одногруппниками. Говорить на белорусском языке для меня сложнее, а вот написать что-либо, будь то сочинение, заметка, статья – проще простого, слова сами придумываются и пишутся.

От себя хотелось бы сказать, что не стоит стесняться своего языка. Если хотите и можете разговаривать на белорусском – общайтесь на нём, ведь это наш родной язык.

Анастасія Фралова, студэнтка 4 курса на філалагічным факультэце:

– Я вельмі люблю беларускую мову. Заўсёды кажу гэта горда і без сораму. Але, на жаль, не атрымліваецца размаўляць на ёй так часта, як хацелася б.

Прычына гэтага – неразуменне мовы маімі сябрамі і роднымі. У кожнага з іх ёсць мінімальны слоўнікавы запас, але яго недастаткова для поўнага разумення адзін аднаго.

Каб было зразумела, наколькі я люблю беларускую мову, можна адзначыць тое, што сваё жыццё я вырашыла звязаць з беларускай мовай на прафесійным узроўні. Я вучуся на спецыяльнасці «Беларуская філалогія (літаратурна-рэдакцыйная дзейнасць)».

Вучыцца мне вельмі падабаецца, бо я размаўляю на той мове, да якой у мяне ляжыць душа.

Юрый Бабіч, дацэнт кафедры беларускага мовазнаўства, кандыдат філалагічных навук, дацэнт:

– Мая родная мова – беларуская. Я з дзяцінства размаўляю па-беларуску (не ўсё жыццё, хіба што за выключэннем двух гадоў, якія пайшлі на службу савецкім войскам).

Гаварыць па-руску мне ў разы складанее, чем па-беларуску, таму што мне трэба падбіраць словы, каб правільна пабудаваць фразу. Гэта бывае крайне рэдка і толькі ў тых выпадках, калі чалавек зусім не разумее маёй беларускай фразы.

Беларуская мова – гэта першая мова, якую я пачуў у дзяцінстве. Гэта мова, на якой я вучыўся ў школе. Гэта мова штодзённай камунікацыі. Просто ніякай іншай мовы я не мог сабе ўявіць. Я не ведаю нават, як бы я мог карыстацца нейкай іншай мовай, акрамя беларускай. Яна настолькі арганічна знітавана з маім светаўспрыманнем, з усведамленнем, што мне здаецца, што беларуская мова і я – гэта дзве непарыўныя сутнасці.

Анатоль Дулаў, загадчык кафедры гісторыі Беларусі, кандыдат гістарычных навук, дацэнт:

– Беларускі літаратар Валянцін Тарас некалі напісаў такія радкі: «Дзве мовы ў мяне – дзве родныя дубровы, источники мои: крынiца и родник. Родная речь звучит, як рэха роднай мовы, i рэхам мовы роднай звучит родной язык».

Як і для большасці жыхароў нашай краіны для мяне вельмі блізкія і дарагія абедзве дзяржаўныя мовы, якія засвоіў яшчэ ў дзяцінстве і на якіх размаўляю штодня. Але паводле эмацыйных адчуванняў родная мова для мяне беларуская. І таму, што яна з’яўляецца тым мастом, які лучыць з пакаленнямі продкаў, з культурнымі і духоўнымі здабыткамі нашага народа. І таму, што сёння яна патрабуе ўвагі і падтрымкі. Карыстаюся роднай мовай у прафесійнай дзейнасці: у студэнцкай аўдыторыі, у навуковай працы, на занятках бясплатных курсаў і тэлекурсаў па гісторыі Віцебска. Размаўляю па-беларуску з сябрамі і знаёмымі. Пакуль гучыць беларуская мова, яна жыве і будзе жыць. А значыць, будзе жыць і беларускі народ.

 

Так, пакуль жыве мова, жыве і свядомасць чалавека. Жывуць ўспаміны пра продкаў, жыве павага да мінулага свайго народа. Бясспрэчна, трэба ведаць як мага больш моў, бо гэта ўзбагачае розум, дазваляе думаць інакш, бачыць гэты свет па-іншаму ў розных абставінах. Але адмовіцца ад сваёй роднай мовы – гэта значыць адмовіцца ад большай часткі самога сябе, гэта значыць «перакрыць» той паток, які нясе багацце самасвядомасці і самавызначэння ў тваю душу.

Трэба заўсёды імкнуцца да большага, да чагосьці новага, але ніколі не забываць пра тое, што было побач з табой з самага нараджэння.

 

Аўтар Наталля Тарарышкіна

+1
0
+1
0
+1
0
+1
0
+1
0